“Гарачае прывітанне”
У расейскіх акупацыйных войскаў праблема: з кожным днём расце колькасць «трохсотых», іх проста няма дзе размяшчаць.
Тых, каго не пакінулі ў чыстым полі (своих не бросаем!), то бок больш перспектыўных – падрамантавалі, і зноў у бой, сотнямі запіхваюць у шпіталі для грамадзянскіх. Але ж шпіталі не гумовыя, для таго каб вызваліць месцы, трэба проста выгнаць нейкіх там хворых. Хіба гэта бяда, калі не скончылі лячэнне, не ўсталі з ложка пасля аперацыі, не знялі швы?
Адправілі дадому нават тых, хто падарваўся на расейскіх мінах і быў сур’ёзна траўмаваны. На кожнага цяжкахворага грамадзянскага знойдзецца некалькі цяжкапараненых расейцаў. На тэрыторыі так званай ЛНР іхняя так званая ўлада прыстасавала пад шпіталь нават аддзяленне для нованароджаных. Што ж, жыхароў псеўдарэспублікі зразумець можна: яны зараз проста атрымліваюць асалоду ад кожнай хвіліны свайго выбару на рэферэндуме ў 2014 годзе. Умольвалі: Пуцін, прыйдзі! Пуцін, увядзі войска! Так бы мовіць, за што змагаліся…
Месяц таму ў акупаваным Мелітопалі Запарожскай вобласці расіяне захапілі стацыянар шпіталя неадкладных станаў і выгналі праапераваных пацыентаў. Людзям забаранілі атрымліваць медычныя кансультацыі. Затое завезлі лекараў-гастралёраў.
На сёння расейскімі вайскоўцамі заняты ўсе лякарні горада, у тым ліку былы дзіцячы санаторый, які выкарыстоўваўся як кавідны шпіталь. Толькі ва ўсёй гэтай сітуацыі натхняе адно: кожны «трохсоты» – гэта гарачае прывітанне ад ВСУ.
Ліза Ахромена, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: google.com.ua