Зміцер Бандарчук: Выбары не сапраўдныя!



Кіраўнік “Гавары праўду” па Гарадзеншчыне Зміцер Бандарчук канстатуе, што мінулыя мясцовыя выбары 2018 года сапраўднымі выбарамі назваць нельга.

Сапраўдных выбараў не было. Перадусім не было гэтых выбараў у час самой агітацыйнай кампаніі, бо на ніводнай акрузе, дзе былі нашы прадстаўнікі, мы не назіралі нейкай агітацыйнай барацьбы за выбаршчыкаў сярод кандыдатаў. Калі ты можаш абысці ўсе падезды, правесці сустрэчы з выбаршчыкамі, то твой апанент максімум, што можа зрабіць, – гэта паклеіць плакаты ў апошнія тры дні. А ў выніку гэта дае яму перамогу ў 3 разы пры падліку галасоў. Таму тут можна казаць пра тое, што выбары не змяніліся і не змяніўся сам падыход да выбараў.

Па словах палітыка, выбарчая сістэма ў Беларусі не мяняецца і з’яўляецца закасцянелай.

Сістэма настолькі не змянілася, што ўжо не мае значэння для праўладных кандыдатаў, ці ёсць апазіцыйны апанент, ці яго няма, ёсць назіральнікі на выбарах ці не. Гэта ніяк увогуле не ўплывае на канчатковы вынік. Улады ставяцца да гэтага з нейкай павагай. І ўсё роўна мы бачым, калі глядзець на выніковыя пратаколы, вось гэтую вельмі вялікую розніцу ў галасах.

Прадстаўнікі кампаніі “Гавары праўду” вылучалі сваіх прадстаўнікоў на трох выбарчых акругах Гародні, але ніводзін з іх не стаў дэпутатам як у гарадскі, так і абласны савет.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота: БелТА