Гарадзеншчына пашырыла спіс месцаў агітацыі



Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі Гародні па дамоўленасці з гарвыканкамам прынялі рашэнне аб істотным павелічэнні месцаў агітацыі падчас  кампаніі па выбарах прэзідэнта краіны. Такія захады  мясцовых уладаў, на думку прадстаўніка Беларускага Хельсінскага камітэта па Гарадзенскай вобласці Рамана Юргеля, выкліканыя, не ў апошнюю чаргу, актыўнымі дзеяннямі незалежных назіральнікаў кампаніі  “Праваабаронцы за свабодныя выбары”:

– Гэтае ўказанне павялічыць колькасць месцаў было спушчана з Менска. А зроблена так дзеля таго, каб паказаць Захаду, што яны ўсё робяць для транспарэнтнасці, адкрытасці і галоснасці ў час агітацыйнай кампаніі. Сустракайцеся з людзьмі, ніхто вам не перашкаджае! Сустракайцеся і даносьце свае пазіцыі да выбаршчыкаў, праводзьце гэтую кампанію так, як хочаце!

На думку незалежных назіральнікаў, дваццаць актавых залаў і спартовых пляцовак наўрад ці спатрэбяцца гарадзенскім выбаршчыкам для сустрэчы з кандыдатамі ў прэзідэнты. Вопыт мінулых гадоў паказвае, што  далёка не кожны кандыдат у прэзідэнты меў жаданне сустракацца са сваім электаратам у горадзе над Нёманам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня