Гарадзеншчына вылучае дэлегатаў на з’езды “Руху за Свабоду”
У Наваградскім раёне прайшоў рэгіянальны сход актывістаў “Руху за Свабоду” па вылучэнні дэлегатаў на абласную і рэспубліканскую справаздачна-выбарчыя канферэнцыі. Усяго ад Наваградска-Лідскага рэгіёна вылучана 8 дэлегатаў ды адзін сябра рэспубліканскай Рады арганізацыі. Госці сходу заслухалі справаздачу рэгіянальных і рэспубліканскіх каардынатараў. За “Рух за Свабоду” ў цэлым перад сходам даў справаздачу намеснік кіраўніка арганізацыі Алесь Лагвінец.
– “Рух за Свабоду” – гэта адкрытая арганізацыя, якая хоча абмяркоўваць тое, што адбываецца, быць у курсе таго, якія ёсць інтарэсы і праблемы людзей. Таксама мы хочам пашыраць прастору свабоды ў Беларусі. Мы хочам, каб наша краіна была незалежнай, каб у ёй было як мага больш грамадзянаў, гатовых бараніць свае правы. Вельмі добра, што тут сабраліся маладыя людзі, якія нядаўна далучыліся да “Руху за Свабоду”.
Абласная справаздачна-выбарчая канферэнцыя “Руху за Свабоду” пройдзе ў Гародні ўжо ў бліжэйшую нядзелю – 2 кастрычніка, а рэспубліканскі з’езд мае адбыцца 16 кастрычніка. Мяркуецца, што на ім будзе абранае новае кіраўніцтва грамадскай арганізацыі.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя