Гарадзенскі аблсуд пакінуў без змены прысуд Вітольду Ашурку
Гарадзенскі абласны суд на пасяджэнні 8 красавіка пакінуў без задавальнення скаргу на прысуд рэгіянальнаму каардынатару руху „За Свабоду” Вітольду Ашурку — пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Суд першай інстанцыі даў няслушную ацэнку даследаваным доказам па справе і прыйшоў да неабгрунтаваных высноў, сказана ў скарзе Ашурка, фрагмент якой прагучаў пры разглядзе касацыі.
Падсуднага ў залу суда не дастаўлялі, сувязь па „скайпе” з ім не ажыццяўлялася.
„Выснова суда па справе Ашурка пацвярджаецца сукупнасцю пададзеных доказаў. Дакладна ўстаноўлена, што ён арганізаваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады і пацягнулі парушэнне працы Лідскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, — заявіла пракурор Клішына падчас пасяджэння.
На яе думку, таксама дакладна ўстаноўлена, што палітык ужыў гвалт у дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў, каб перашкодзіць яго законнай дзейнасці. У якасці пацвярджэння Клішына прывяла паказанні пацярпелага Кацілы, які на той момант нёс службу па ахове грамадскага парадку, і сведкі Уляшкі.
Гэтыя паказанні прагучалі ўпершыню, бо працэс у Лідзе прайшоў у закрытым рэжыме (прысуд быў вынесены 18 студзеня). Паводле слоў Кацілы, 9 жніўня было больш за дзве тысячы пратэстоўцаў з бел-чырвона-белымі сцягамі і транспарантамі, Ашурак хадзіў па праезнай частцы і „крычаў заклічкі, выказваў лозунгі, а астатнія паўтаралі”.
„Супрацоўнікі праваахоўных органаў процідзейнічалі таму, каб пратэстоўцы разбуралі машыны, пажарныя аўтамабілі, кідалі ў іх розныя прадметы, бутэлькі, адчынялі дзверы і да таго падобнае”, — сказала прадстаўнік абвінавачання.
Паводле слоў пракурора, сілавікі вырашылі затрымаць палітыка, ён уцякаў і падчас пераследу „нанёс удар у вобласць жывата каленам пацярпеламу, а затым двума нагамі”.
Прадстаўнік абвінавачання падкрэсліла, што ў справе больш за 20 сведак, на вінаватасць падсуднага таксама паказваюць скрыншоты тэлеграм-чата „Ліда для жыцця” і відэазапісы.
Прадстаўнікі судовай калегіі падтрымалі довады абвінавачання.
„Прысуд у дачыненні да Ашурка пакінуць без змены, апеляцыйную скаргу абвінавачанага — без задавальнення. Лічыць прысуд законным і абгрунтаваным”, — заявіў суддзя.