Гарадзенскі БНФ вылучае прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій



Рада Гарадзенскай гарадской суполкі партыі БНФ вылучыла двух сяброў арганізацыі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, фармаванне якіх завяршаецца 19 ліпеня бягучага года. Паводле каляндарнага плана выбараў, тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі фармуюца не пазней, чым за 80 дзён да правядзення выбараў.

saranchukou

Як сцвярджае старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, цягам доўгіх гадоў улады не рэгіструюць у якасці сяброў тэрытарыяльных камісій мясцовых “фронтаўцаў”, паказваючы такім чынам рэальны сэнс выбарчага працэса:

– Не змяніліся ўмовы ў параўнанні з папярэднімім кампаніямі. Перспектывы таго, што выбары будуць свабоднымі і дэмакратычнымі, няма. Сапраўдных выбараў, насамрэч, таксама няма. І жадання людзей удзельнічаць у кампаніі, якая малаверагодна можа закончыцца нейкім пазітыўным вынікам, адпаведна няма.

Фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісій – першы этап трохмесячнага выбарчага марафона, які скончыцца 11 кастрычніка выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Працэдурай фармавання тэрытарыяльных камісій займаюцца мясцовыя ўлады. У Гародні падчас выбараў будзе дзейнічаць 2 тэрытарыяльныя камісіі  – Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня