Гарадзенскі БНФ вылучыў у склад камісій 11 прадстаўнікоў



Рада Гарадзенскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ вылучыла 11 сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых участковых камісій, якія будуць сфармаваныя мясцовымі адміністрацыямі дзеля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 11 кастрычніка 2015 года.

Яшчэ 6 сяброў Партыі БНФ вылучана ў склад выбарчых камісій у Слоніме, плануецца таксама вылучэнне ў Лідзе.

Як зазначае старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, верагоднасць таго, што прадстаўнікі апазіцыйнай партыі будуць зарэгістраваныя ў якасці сяброў участковых камісій невялікая:

– Можна глядзець ужо па фармаванні тэрытарыяльных камісій, калі адной з прычын неўключэння нашых прадстаўнікоў стала адсутнасць досведу працы ў такіх камісіях – гэта выглядае мякка кажучы смешна. Калі перыядычна не ўключаюцца прадстаўнікі, то адкуль будзе гэты досвед. Спадзявацца на тое, што вялікая колькасць прадстаўнікоў апазіцыі і Партыі БНФ у прыватнасці будзе ўключана ва ўчастковыя камісіі не даводзіцца, але ўсё роўна абавязак палітычных арганізацый высоўваць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій.

На тэрыторыі Гарадзенскай вобласці сфармавана 692 выбарчыя ўчасткі па выбарах прэзідэнта краіны. Паводле інфармацыі абласной камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі Прынёмання колькасць выбарчых участкаў у параўнанні з мінулымі выбарамі зменшылася. Гэта абумоўлена ў першую чаргу ўзбуйненнем населеных пунктаў.

Склад участковых камісій паводле заканадаўства павінен быць сфармаваны не пазней 26 жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня