Гарадзенскі праваабаронца не верыць у „разгул дэмакратыі”



Парламенцкая выбарчая кампанія ў Беларусі. Ідзе этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. На думку многіх незалежных экспертаў, галоўная мэта сёлетніх выбараў для ўладаў – дамагчыся іх міжнароднага прызнання, ад яго залежыць фінансавая дапамога Беларусі.

?????????????

Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч не верыць у сапраўдны “разгул дэмакратыі” на выбарах:

– Частка прадстаўнікоў апазіцыйных сілаў нібыта нават патрапіла зараз у акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі – гэта чыста статыстычна неверагодны прагрэс. Я думаю, што ўлады перад заходнімі назіральнікамі будуць канешне казыраць вось гэтымі лічбамі. Фактычна, па-першае,  гэтыя выбары нічога не вырашаюць. Па-другое, гэтыя людзі ў камісіях наўрад ці здолеюць уплываць на празрыстасць выбарчага працэсу.

Паводле статыстыкі, у склад сямі тэрытарыяльных і 110 акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў уключаны 31 прадстаўнік апазіцыйных палітычных партый са 117 вылучаных.

Уладзімір Хільмановіч дае прагноз адносна магчымасці прызнання выбараў міжнароднай супольнасцю:

– Я мяркую, верагоднасць гэтага дастаткова высокая менавіта зараз, усе гэтыя праявы знешняй дэмакратызацыі на першых этапах, так званай уяўнай лібералізацыі, яны сведчаць менавіта пра гэта. Такім чынам удзел апазіцыі ў гэтых выбарах, у гэтай выбарчай кампаніі, можа ўпершыню за шмат апошніх гадоў прывесці да частковага ці нават больш поўнага прызнання Еўразвязам выбраў, якія зараз адбываюцца ў Беларусі.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня. Апазіцыя не ідзе на іх супольным фронтам, утварыўшы або невялікія кааліцыі – да прыкладу правацэнтрысты, або некаторыя структуры працуюць на выбарах асобна, напрыклад, Партыя БНФ.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя