Гарадзенскі суд не задаволіў скаргу Уладзіміра Хільмановіча



У Гародні суддзя абласнога суда Мікалай Рачынскі не задаволіў скаргу грамадскага актывіста, журналіста  Уладзіміра Хільмановіча на незаконнасць прысуджанага яму адміністрацыйнага штрафу за ўдзел у леташнім Свіслацкім фэсце памяці паўстанцаў. Доказаў у тым, што ўшанаванне памерлых ля іх магілаў з’яўляецца недазволеным мітынгам, у чым яго і звінавацілі, суд не прадставіў. Толькі механічна пацвердзіў рашэнне суда першай інстанцыі.

IMG_5761

Кажа Уладзімір Хільмановіч пасля разгляду скаргі судом:

– Звыклая практыка: суддзі абласнога роўню заўсёды прымаюць бок пастановаў, рашэнняў суддзяў раённых судоў. І не толькі па такіх справах, але ўвогуле. Калі грамадзянін па якой-небудзь справе сутыкаецца з дзяржаўнымі органамі, структурамі, то шанцы выйграць касацыйную скаргу зводзяцца амаль да нуля. А ўжо па справах, якія маюць грамадска-палітычнае адценне, як мая адміністрацыйная справа, ніякія юрыдычныя нормы не дзейнічаюць.

Нягледзячы на довады, суддзя падтрымаў рашэнне свіслацкага суда, які пакараў грамадскага актывіста штрафам у памеры 40 базавых велічыняў. Цяпер для Уладзіміра Хільмановіча ды іншых незаконна аштрафаваных за фэст памяці паўстанцаў у 2015 годзе застаецца толькі бараніць свае канстытуцыйныя правы праз надзорную скаргу ў абласны суд, Вярхоўны суд і Камітэт па правах чалавека ў Жэневе.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара