Гарадзенцу прысудзілі штраф за праўду пра забруджванне рэк



Гарадзенскаму гісторыку і грамадскаму актывісту Мечыславу Супрону ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні прысудзілі 5-ць базавых велічыняў за акцыю, якая адбылася 18-га чэрвеня. Тады ён вывесіў на Старым мосце ў Гародні расцяжку з надпісам „Нёман атручаны лідскім ЖКГ”. Суддзя Руслан Хіхол выслухаў доказы актывіста і сведчанні міліцыянтаў ды вынес прысуд цягам 20-ць хвілін, нават не абвяшчаючы перапынак.

Мечылаў Супрон лічыць прысуд і саму справу абсурдам:

– Упершыню сутыкаюся з судовай сістэмай нашай краіны. Для мяне само пасяджэнне, сам прысуд, сам факт парушэнне таго, што спрабаваў дабіцца справядлівасці, для мяне выглядае, як сюррэалізм, бо ў іншых краінах наадварот заахвочваюць людзей, каб яны баранілі свае правы.

На думку гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава, такіх людзей як Мечыслаў Супрон трэба ўзнагароджваць, а не судзіць:

– Па сутнасці Мечыслаў Супрон даказаў, што ён збіраўся папярэдзіць людзей пра небяспеку, зберагчы людскія жыцці. Кінуўся рабіць тое, што ён мог рабіць, папярэджваць людзей пра тое, што Нёман забруджаны, гэта пацвярджаецца тым, што ён сам у ім пакупаўся, сам асабіста са сваім дзіцём. Яны захварэлі, схадзілі ў лякарню і там пацвердзілі. Такім людзям у нармальнай краіне выдаюць медалі, якія кідаюцца ратаваць іншых людзей губляючы свой час, свае сродкі.

Мечыслаў Супрон лічыць, што яго акцыя, а таксама акцыя актывістаў з Бярозаўкі, паўплывалі на тое, што ўладам Ліды давялося прызнаць забруджванне Лідскім ЖКГ рэк Дзітвы і Нёмана. На думку актывіста – гэта перамога актывістаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня