Гарадзенцы: 3 ліпеня – не наша свята
3 ліпеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца дзяржаўнае свята Дзень Незалежнасці. Свята з’явілася ў краіне пасля рэферэндума 1996 году.
Гарадзенскі гісторык Аляксей Кайрыс лічыць, што сапраўдным Днём Незалежнасці трэба лічыць 25 сакавіка.
– Для мяне Дзень незалежнасці – гэта менавіта 25 сакавіка. Тады паўстала наша Беларуская Народная Рэспубліка. 101 год таму. Тады былі закладзеныя пэўныя ідэі суверэнітэту, пэўныя ідэі нашай дзяржаўнасці. 3 ліпеня – гэта для мяне проста звычайная дата вызвалення Менску ад войскаў нацысцкай Германіі.
На думку журналіста Руслана Кулевіча, адзначэнне Дня Незалежнасці павінна адбывацца ў жніўні, таму што менавіта ў жніўні 1944 году была вызвалена ўся Беларусь.
– У нас у Беларусі цікавы факт, што мы адзначаем гэта свята 3 ліпеня. А насамрэч палова Беларусі была яшчэ пад нямецкай акупацыяй у той час, 3 ліпеня 1944 года. Гародню вызвалілі: адну частку – 16 ліпеня, другу частку – 24 ліпеня. Берасце таксама недзе ў 20-х чыслах вызвалілі. І на мой погляд, гэта не правільна, што Дзень Незалежнасці адзначаюць 3 ліпеня. Калі ўсю тэрыторыю Беларусі вызвалілі, то тады і трэба браць гэтую дату, калі, напрыклад, апошні горад вызвалілі, апошнюю вёску.
На дзяржаўнае свята Дзень Незалежнасці ў Гародні адбудзецца цэлы шэраг афіцыйных мерапрыемстваў, сярод якіх вялікі канцэрт на Савецкай плошчы, а таксама гулянні ў парку Жылібера.
Беларускае Радыё Рацыя