Гарадзенцы сустрэліся з Валерам Цапкалам
Амаль дзве сотні гарадзенцаў сабраліся ў цэнтры горада на Савецкай плошчы на сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты Валерам Цапкалам. Сустрэча адбылася ў фармаце маналогу кандыдата, а затым гарадзенцы задавалі пытанні.
Валер Цапкала пракаментаваў збор подпісаў:
– У нас нармальна ідзе кампанія, у нас два дні таму было сабрана 64 тысячы подпісаў. Зараз не ведаю, езджу па рэгіёнах, але думаю, што мы выйдзем прыкладна на 130-135 тысяч подпісаў да канца перыяду збору подпісаў.
Таксама Валер Цапкала папрасіў гарадзенцаў ставіць подпісы за розных кандыдатаў:
– Я ўжо папрасіў гарадзенцаў, каб усё ж такі яны размаўлялі са сваімі калегамі, са знаёмымі. Вы ведаеце кропкі збору подпісаў. Дайце магчымасць максімальнай колькасці кандыдатаў. Я заклікаю не толькі за сябе, я заклікаю за ўсіх кандыдатаў ставіць подпісы. Каб мы маглі мець магчымасць данесці да вас наша бачанне Беларусі. Каб вы маглі ў рэшце рэшт выбіраць.
Пасля гадзіннай размовы і фотасэсіі з жыхарамі Гародні Валер Цапкала сышоў з плошчы пад песню «Ня быць скотам», якая гучала з дынамікаў зборшчыкаў подпісаў за Святлану Ціханоўскую.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча