Гарантыі бяспекі для Кіева могуць аформіць у 2024 годзе
ЗША і іх еўрапейскія саюзнікі распрацоўваюць гарантыі бяспекі для Украіны, але заключэнне адпаведных пагадненняў можа скончыцца не раней за 2024 год.
Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы. Паводле іх дадзеных, перамовы з Кіевам пачалі толькі ЗША і Вялікая Брытанія. У найбліжэйшыя тыдні да іх павінна далучыцца Францыя. Паводле словаў суразмоўцаў выдання, выпрацоўка гарантыяў для Украіны – дастаткова працаёмкі працэс. Пакуль што ва ўдзельнікаў пагадненняў няма адзінага меркавання пра тое, якімі менавіта павінныя быць абавязацельствы бакоў.
Кіеў і Вашынгтон пачалі перамовы аб гарантыях бяспекі для Украіны ў пачатку жніўня. Пазней да іх далучыўся Лондан. Украінскі бок выказваў надзею, што першыя дамовы атрымаецца заключыць да канца года.