Гародня: адклікаць дэпутата не атрымалася
Грамадскім актывістам з Гародні прыйшоў адказ па працэдуры адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў.
Сябра БХД Яўген Дудкін лічыць гэты адказ адпіскаю:
– Згодна з дакументам, нібыта дэпутат не мае права ўмешвацца ў дзейнасць ЦВК, хаця справа была ў тым, што выбаршчыкі патрабавалі праверкі фактаў фальсіфікацыі, і такім чынам не галасаваць па зацвярджэнні вынікаў гэтай выбарчай кампаніі. Па-другое, прыводзіцца прыклад, што нібыта дэпутат мае права толькі назіральніка падчас выбарчай кампаніі. І не мае права ўмешвацца ў дзейнасць выканаўчай улады. Атрымліваецца, што нават дэпутат не мае права рабіць запыты, якія мае ў сваіх паўнамоцтвах.
Юрыст Зміцер Салаш лічыць, што далейшы лёс адклікання дэпутата мусіць вырашыць суд:
– Будзем хадайнічаць, каб нам далі зал судовага паседжання, каб было больш месца. Мы запросім усіх выбаршчыкаў, якія падпісваліся, для таго, каб працэс быў адкрытым. Мы папрасілі суд, каб трэцяй асобай удзельнічаў дэпутат, якога мы плануем адклікаць у сувязі з яго бяздзейнасцю, у сувязі з тым, што ён не асуджае гвалт.
Cудовае паседжанне па гэтай справе павінна адбыцца ў Гародні цягам бліжэйшага тыдня.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча