Гародня: актывісты ў судзе ў знак пратэсту заклеілі раты скотчам



Сяргей Верамеенка, гарадзенскі ўдзельнік акцыі супраць аншлюсу Расейскай Федэрацыяй Беларусі, аспрэчваў у абласным судзе адміністрацыйны штраф за абарону суверэнітэту сваёй краіны мірным шляхам.

Суддзя Мікалай Рачынскі з абласнога суда падтрымаў рашэнне суддзі Ленінскага раёну Гародні Дзмітрыя Бубенчыка ў прысуджэнні штрафа 30 базавых адзінак. Свае меркаванні выказалі праваабаронцы Цэнтру „Вясна” і „Беларускага Хельсінкскага камітэту” Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель:

– Абласны суд працуе ўжо па адпрацаваных рэйках. Ён па-просту штампуе пастановы, якія абвяшчаюцца ў раённых судах, і пацвярджае іх правамоцнасць. Ніякога разгляду. Гэта людзі ў мантыях, якія прывыклі працаваць па тэлефонным званку. Мікалай Рачынскі – сумнавядомая асоба яшчэ з часу суда над Мікалаем Аўтуховічам.

– Варта і надалей абскарджваць адмовы Гарадзенскага абласнога суда пяці аштрафаваным актывістам, якія выйшлі за незалежнасць, і за гэта пацярпелі.

Падчас суда Сяргей Верамеенка даў адвод суддзі, які не прыняў Мікалай Рачынскі.

А прысутныя Мікола Салянік і ягоны сябра Валеры Куляеў заклеілі свае раты скотчам, у знак пратэсту прадажнаму суду.

У канцы фармальнага разгляду скаргі, якую суддзя нават і не зачытаў у зале, перад абвяшчэннем рашэння, Сяргей Верамеенка разам з удзельнікамі працэсу заспяваў гімн „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”:

– Ну, я не лічу гэта абсурдам. Мы заспявалі гімн Беларускай Народнай Рэспублікі, мы паказалі нашыя каштоўнасці. Нашы каштоўнасці – гэта перадусім незалежнасць Беларусі. Якія іх каштоўнасці? Я не ведаю, чым яны кіруюцца. Тое, што зладзіў Мікалай Салянік – гэта ўвогуле супер рэбус. У гэтай сістэме ў кожнага напісаны свой сцэнар. Той сцэнар, які кажуць яму зверху, па загадзе. Як толькі няма загаду, яны адразу губляюцца. Яны не могуць дзейнічаць у рамках закону. Бо яны ведаюць, што гэты закон самі і парушаюць.

Пяцёра гарадзенцаў, якія былі аштрафаваны за абарону Беларусі на акцыі супраць аншлюсу Расеяй Беларусі павінны выплаціць вялізныя сумы.  Для дапамогі актывістам можна пералічыць грошы ў платформе molamola.by.

На здымку – пяцёра гарадзенцаў, пакараных штрафамі за абарону Беларусі

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня