Гародня гатова да выбараў
Гарадзенскія тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі размеркавалі выбарчыя бюлетэні для накіравання іх на выбарчыя ўчасткі. Былі размеркаваны абавязкі сяброў камісіі на датэрміновыя дні галасавання, а таксама на асноўны дзень галасавання і ноч прыняцця пратаколаў ад участковых камісіяў. На паседжанні камісіі Кастрычніцкага раёна прысутнічаў назіральнік кааліцыі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель. На яго думку, ёсць адметнасці працэдуры выбарчага працэсу.
– Усе выкарыстаныя бюлетэні ў ноч з 11 на 12 кастрычніка будуць звазіцца ў Адміністрацыю Кастрычніцкага раёна і адразу прымацца на захаванне. Гэтым будзе займацца Ірына Мірановіч – чалец камісіі, яна ж кіраўніца справамі Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. Таксама ёй даручана камісіяй займацца зборам і аналітыкай па датэрміновым галасаванні і яго асноўным дні.
Як паведаміў Раман Юргель, інфармацыі пра ўсталяванне празрыстых скрынак для галасавання на ўчастках не паступала.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня