Гародня: Маніфест да ўдзельнікаў праймерыз
Гарадзенская каманда з розных партый і арганізацый склала маніфест пра адзінства да ўдзельнікаў праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.
Кажа адзін з падпісантаў маніфесту, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Мы абсалютна перакананыя, што адзінства з’яўляецца неабходнай умовай эфектыўнай супрацы. У Гародні мы навучыліся давяраць адзін аднаму і безумоўна настойваем на пераносе гэтай практыкі на Менск. Зараз перыяд, калі трэба адмовіцца ад узаемных крытык, узаемных сварак, зноў сесці за стол перамоваў, паціснуць адзін адному рукі і працаваць разам, каб давесці ўсім і самім сабе, што ў Беларусі ёсць каманда здольнае на тое, каб змяніць гэтую краіну.
Прадстаўнік БХД Сяргей Верамеенка ўпэўнены, што перамагчы можна толькі будучы адзінымі:
– Трэба сказаць, што ў нас таксама былі розныя думкі, розныя меркаванні, але тым не менш мы прыйшлі да адзінай высновы, што агульны і паспяховы ўдзел у маючай адбыцца выбарчай кампаніі немагчымы без адзінства, без адзінства дэмакратычных сілаў, без адзінай каманды, без адзінага кандыдата, каторы будзе дзейнічаць разам і пры падтрымцы іншых партый.
У маніфесце актывісты вылучылі некалькі ўмоваў свайго далейшага ўдзелу ў кампаніі:
– Вяртанне ў праймерыз усіх папярэдніх удзельнікаў. – Выкананне ўсіх папярэдніх дамоўленасцяў. – Адпаведнасць працэдуры дэмакратычнаму духу. – Увядзенне мараторыя на ўзаемную крытыку паміж прэтэндэнтамі.
Беларускае Радыё Рацыя