Гародня: Суд не спяшаецца разглядаць скаргу апазіцыйнага палітыка



Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў паскардзіўся ў Ленінскі раённы суд на працэдуру вылучэння раённай адміністрацыяй чальцоў участковых выбарчых камісій. У камісіі прэтэндавалі трапіць 22 сябры партыі. Палітык сцвярджае, што ўсе неабходныя дакументы былі складзены згодна з заканадаўствам, але ніводзін з сябраў партыі ў склад камісій так і не трапіў, таму была складзе скарга ў суд. Але ў судзе не спяшаюцца яе разглядаць:

– Мне пра судовае паседжанне нічога не паведамілі, таму сёння зраніцы я быў у самім судзе. Сакратарка заявіла, што ніякай інфармацыі не дае. І ўся інфармацыя будзе пададзена, згодна з заканадаўствам. У вызначаны законам тэрмін суддзя паведаміць пра разгляд. Хоць на стэндзе, які вісіць у будынку суда, майго прозвішча, як заяўніка, па сённяшні дзень няма. Таму будзем зараз чакаць.

У склад выбарчых камісій павінны ўваходзіць прадстаўнікі розных палітычных партый і розных поглядаў, каб усе этапы выбарчага працэсу былі дэмакратычнымі. Аднак, лічыць палітык, у Беларусі прынята ўключаць у склад камісій толькі праўладных прадстаўнікоў.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня