Гародня: сустрэча з прадстаўнікамі Руху Салідарнасці “Разам”
У Цэнтры гарадскога жыцця Гародні адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Руху Салідарнасці „Разам”.
Сустаршыня Руху Алена Талстая запрасіла на сустрэчы гарадзенскіх актывістаў прыняць удзел у Канферэнцыі беларускай інтэлігенцыі, што адбудзецца ў жніўні 2019 году ва ўкраінскім Чарнігаве.
– Справа, якая тычыцца не толькі Руху Салідарнасці «Разам», ці менчукоў, ці толькі беларусаў, ці толькі нацыяналістаў. Я думаю, што гэтая справа тычыцца любога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Таму мы прыехалі сёння да вас. Гэта ўжо 13-ы горад, прыязджаем, бачым твары людзей, размаўляем, для нас гэта вельмі важна.
На думку палітыка ў Канферэнцыі мусяць прыняць удзел беларусы розных рэлігійных перакананняў.
– Рух Салідарнасці «Разам» проста ўзяў на сябе такую смеласць падтрымаць гэтую ініцыятыву. Падтрымаць яе ў тым фармаце, у якім гэта магчыма, звярнуўшыся да ўсіх людзей Беларусі. Звяртаемся да каталікоў, да праваслаўных, да пратэстантаў, да агносцікаў, да атэістаў. Бо гэта па майму глыбокаму перакананню тычыцца кожнага з нас.
На сустрэчы прысутнічалі амаль тры дзясяткі гарадзенскіх актывістаў Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і апроч грамадска-палітычных пытанняў уздымаліся пытанні вайны ва Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя