Гародня: прайшло паседжанне Ленінскай і Кастрычніцкай выбарчых камісій



Афіцыйныя лічбы кажуць, што Аляксандар Лукашэнка набраў больш за 60 % галасоў. Святлана Ціханоўская – амаль 28%. На паседжанні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі пабывала акрэдытаваная назіральніца ад кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” Святлана Рудкоўская:

– Вось на 72 участкі вынікі – усяго выбаршчыкаў 135 788, яўка склала 90,09%. Было ўсяго чатыры назіральнікі. Я – чацвёртая. Быў сярод іх ветэран, які сказаў мне: “Вялікі дзякуй за вашу працу!”. Адзіная скарга была на кіраўніка Кастрычніцкай адміністрацыі, але яны яе яшчэ не разбіралі.

Назіральнікі і праваабаронцы Гародні мяркуюць сэнсоўным, калі за татальнае адключэнне Інтэрнэту цягам двух дзён грамадзяне маюць права звярнуцца па кампенсацыю маральнай і фінансавай шкоды да „Белтэлекаму”, які парушыў дамоўленасць і не ажыццяўляў паслугу. Кажа праваабаронца Раман Юргель:

– Абсурднае, нечалавечае рашэнне гэтых уладаў – блакіроўка Інтэрнэту. Тым больш для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія сядзяць дома. І зараз яны як карыстальнікі могуць пісаць электронную скаргу пра тое, што іх пазбавілі права карыстацца Інтэрнэтам і каб ім кампенсаваў маральную і матэрыяльную шкоду “Байфлай”.

Вынікі выбараў будуць ацэнены  назіральнікамі ад кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары” як непразрыстыя і незаконныя. Можна быць пэўным, што большасць выбарцаў – грамадзянаў Гародні мае такую ж думку.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня