Гары Паганяйла: Па роўні гвалту ўлады Беларусі пераўзышлі Германію 1933 года



„Тыя зверствы і гвалт, якія дэманструе цяперашняя ўлада ў Беларусі, проста жудасныя і супастаўныя толькі з фашысцкім рэжымам у Германіі 1930-х гадоў”, — заявіў кіраўнік юрыдычнай камісіі праваабарончага грамадскага аб’яднання „Беларускі Хельсінкскі Камітэт” (БХК) Гары Паганяйла, выступаючы 16 кастрычніка ў Еўрапарламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі.

Згодна з яго ацэнкай, па роўні гвалту ўлады Беларусі сёння „перавысілі Германію 1933 года ў два разы”. „Улада разарвала дамову паміж грамадствам і дзяржавай, яна не забяспечвае захаванне правоў грамадзян, але пры гэтым дадзеная поўная свабода сілавым структурам. У спробах утрымаць уладу ўрад ідзе на самыя жорсткія і злачынныя метады барацьбы з іншадумствам”, — канстатаваў Паганяйла.

Праваабаронца нагадаў, што па-ранейшаму не распачата ніводнай справы па фактах прымянення гвалту супрацоўнікамі сілавых структур да ўдзельнікаў дэманстрацый, у той час як у дачыненні да пратэстоўцаў адкрыта ўжо 400 крымінальных спраў. „Гэта проста не паддаецца ніякаму асэнсаванню, — падкрэсліў Паганяйла. — У гэтай сітуацыі мы вымушаныя прасіць Еўрапарламент і ўсе структуры Еўрасаюза прадумаць і прыняць адпаведную пастанову аб пошуку і прымяненні юрыдычных інструментаў, якімі мы маглі б скарыстацца, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці як індывідуальна супрацоўнікаў сілавых структур, так і арганізацыі”.

Прадстаўнік БХК растлумачыў, што гаворка ідзе пра магчымасць „выкарыстання ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі”. „Гэты інструмент закладзены ў многіх крымінальных і крымінальна-працэсуальных кодэкса краін Еўропы, ЗША, Канады і іншых цывілізаваных краін, якія падтрымліваюць барацьбу са злачынствамі супраць чалавецтва, — сказаў ён. — Пры наяўнасці палітычнай волі, пры наяўнасці жадання ў структур, да якіх мы сёння апелюем, стварыць адпаведныя каардынацыйныя цэнтры для юрыстаў тых краін, дзе можна прымяніць універсальную крымінальную юрысдыкцыю, каб яна пачала дзейнічаць”.

Як прыклад Паганяйла адзначыў, што сёння прыблізна 200 беларускіх грамадзян, у тым ліку пацярпелыя ад жорсткасці і гвалту сілавікоў, знаходзяцца ў Літве, Польшчы, Украіне. „Украіна распачала адну з такіх спраў, Польшча і Літва таксама прадумваюць варыянты, — адзначыў праваабаронца. — Нам бы хацелася, каб гэтая праца прасоўвалася хутчэй, каб мы мелі сур’ёзны інструмент для барацьбы з беспакаранасцю беларускіх уладаў”.

„Што гэта дасць? Калі мы здолеем распачаць справы, па якіх будуць выдадзеныя ордэры на арышт і перададзеныя Інтэрполу, то гэта хоць у нейкай ступені можа пацягнуць змену сітуацыі ўнутры Беларусі, — удакладніў праваабаронца. — Многія з сілавога блока зразумеюць, што беспакаранасць заканчваецца, што рана ці позна яны стануць перад судом і атрымаюць пакаранне. Вядома, я разумею, што патрэбныя арганізацыйныя і матэрыяльныя намаганні, але гэта таго вартае”.

Сённяшнія слуханні ў Еўрапарламенце арганізаваныя камітэтам ЕП па замежных справах і падкамітэтам па правах чалавека сумесна з дэлегацыяй па сувязях з Беларуссю і Парламенцкай асамблеяй Усходняга партнёрства (Еўранест).

belapan.by