Гары Паганяйла: Тэрміна даўніны па справе Змітра Завадскага няма
16 год таму быў выкрадзены тэлеаператар, журналіст Зміцер Завадскі. Па гэтай справе былі асуджаныя да пажыццёвага зняволення афіцэры спецназу Валер Ігнатовіч і Максім Малік.
Пра абставіны справы, пра тое, ці працягваецца зараз яе расследаванне ў інтэрв’ю Радыё Рацыя распавёў Гары Паганяйла, праваабаронца, які з’яўляецца юрыдычным прадстаўніком Вольгі Завадскай – маці зніклага тэлеаператара.
Праваабаронца нагадаў, што Завадскі знік раніцай 7 ліпеня 2000 года. Гэта здарылася падчас паездкі ў аэрапорт Мінск -2, дзе ён павінен быў сустрэцца са сваім сябрам і журналістам Грамадскага расейскага тэлебачання Паўлам Шараметам. „Як паказала расследаванне гэтай крымінальнай справы, а потым і судовае разбіральніцтва, выкраданне звязалі з дзеяннямі Ігнатовіча, былога афіцэра спецназу, і Маліка, на той момант дзеючага афіцэра спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам „Алмаз”. Яны прыцягнулі для здзяйснення злачынства яшчэ шэраг сваіх сяброў, не выключана, што таксама з спецслужбаў, якія адсачылі Змітра Завадскага, пачынаючы ад месца яго жыхарства. І недзе на шляху ў аэрапорт ажыццявілі яго фізічнае выкраданне з выкарыстаннем сілы і не выключана, што і зброі.
Машына яго была знойдзена ў аэрапорце. Па першых следчых дзеяннях не атрымалася выявіць гвалтоўны характар знікнення Змітра. Але пасля арышту Ігнатовіча і Маліка, як гэта было пададзена ў афіцыйных паведамленнях, а потым і па ходзе расследавання з’явілася інфармацыя па лініі Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Потым і на самім слуханні справы ў судзе было паказана, што за Змітром Завадскім сачылі. І яго знікненне, выкраданне было звязана з яго журналісцкай дзейнасцю на Каўказе. Ён даў інтэрв’ю „Белорусской деловой газете”, у якім быццам бы нагадаў пра дзейнасць Ігнатовіча і яго каманды.
Хачу нагадаць, што Ігнатовіч, былы афіцэр спецпадраздзялення „Алмаз” Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, пасля свайго звальнення, сабраў групу асобаў і выкарыстоўваўся ў розных аперацыях падчас ваеннай кампаніі ў Чачні. У прыватнасці, ён быў байцом у адной з брыгад ГРУ (Галоўнае ўпраўленне знешняй выведкі Генштаба Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі). Там ён таксама здзейсніў нейкія правапарушэнні, быў затрыманы менавіта ФСБ і перададзены органам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, таму што ён расшукваўся за шэраг іншых цяжкіх гвалтоўных злачынстваў, звязаных з выкраданнем і забойствам людзей. У тым ліку яму паставілі ў віну і выкраданне Змітра Завадскага.
РР: І Ігнатовіч, і Малік былі прызнаныя вінаватымі ў тым ліку ў выкраданні Завадскага і прысуджаны да пажыццёвага зняволення. А Вы, як праваабаронца, адвакат, юрыст, які многія гады займаўся гэтай справай, падзяляеце такія высновы суду?
Гары Паганяйла: Трэба адзначыць, што ні Ігнатовіч, ні Малік не прызналі сябе вінаватымі па эпізоду аб гвалтоўным выкраданні Змітра Завадскага. Тыя доказы, якія прысутнічалі ў справе і якімі быццам бы пацвярджалася даказанасць іх удзелу ў гэтым злачынстве, асабіста мяне не пераканалі. Яны былі скрайне малымі, нязначнымі і непераканаўчымі. З іншага боку, было ўстаноўлена, што гэта злачынства было здзейснена групай асобаў не менш чым з 6 чалавек. Хто гэтыя „падзельнікі”, следства так і не выявіла. І зараз мы не ведаем усіх удзельнікаў гэтага выкрадання. Ігнатовіч і Малік ужо працяглы час адбываюць пакаранне. Але і зараз следства не раскрывае ніякай інфармацыі ці працягваюцца ў адносінах гэтых нявыяўленых, невядомых асобаў нейкія аператыўна-пошукавыя дзеянні. Ці маюцца нейкія вынікі гэтых дзеянняў? Ці працягваецца праца ў гэтым кірунку з асуджанымі Ігнатовічам і Малікам. Яны пакуль жывыя і знаходзяцца ў распараджэнні адпаведных органаў, якія адказваюць за выкананне прысуду.
Не знойдзена і цела Змітра Завадскага. Гэта таксама папрок нашым органам расследавання… Вельмі шмат пытанняў, на якія і зараз адказаў няма. Зараз справа прыпынена. Але і па прыпыненай справе, тым не менш, вышуковыя мерапрыемствы могуць працягвацца. Гэта тычыцца, найперш, таго, дзе знаходзіцца цела Змітра Завадскага, калі ён загінуў. А па-другое, пошуку тых саўдзельнікаў злачынства, з якімі Ігнатовіч і Малік дзейнічалі ў сувязі з выкраданнем Змітра Завадскага і якія пакуль не знойдзены.
Чым больш часу праходзіць, тым больш мы схіляемся да таго, што абвінавачванне ў выкраданні Змітра Завадскага менавіта Ігнатовічам і Малікам было інспіравана следствам, каб далажыць наверх, што справа раскрыта, вінаватыя знойдзены, пакараны. Гэтага ж патрабаваў кіраўнік дзяржавы. Таму трэба было хутчэй справу закрыць, пакласці на далёкую паліцу і больш да гэтай тэмы не вяртацца.
РР: Тады, у тыя часы, калі знік Завадскі, сярод затрыманых па гэтай справе акрамя Ігнатовіча, Маліка, Гуза і Саушкіна, называліся таксама прозвішчы Максіма Рагацэвіча і Аляксандра Леоненкі. Першы быццам быў сябрам РНЕ (Русское национальное единство), у склад якога ўваходзіў і Ігнатовіч, другі – афіцэр службы бясьпекі прэзідэнта Беларусі.
Гары Паганяйла: Так, я знаёмы з матэрыяламі гэтых спраў і ведаю, у сувязі з чым яны, так бы мовіць, усплывалі. Яны не абвінавачваліся ў выкраданні Змітра Завадскага. Леоненка і Рагацэвіч былі ў полі зроку следства. Затрымліваліся. Рагацэвіч быў асуджаны па іншым эпізодзе. Але ж не даказана, што яны прымалі ўдзел у арганізацыі і ажыццяўленні выкрадання Змітра Завадскага.
РР: Але ж гэта залежыць ад таго, наколькі хацелі даказаць… Апошнім часам хадзілі чуткі, што ўвогуле справу Завадскага могуць зачыніць з-за тэрміну даўніны. Ці магчыма такое развіццё падзеяў?
Гары Паганяйла: Спыніць справу па гэтых падставах немагчыма. Таму што працэсуальны закон абавязкова патрабуе ў выпадках гвалтоўных выкраданняў высвятліць далейшы лёс гэтага чалавека. Знайсці яго, знайсці яго труп ці вызначыць асобаў, датычных да злачынства. Пакуль гэтыя абставіны не высветленыя, спыніць расследаванне справы немагчыма. Яна знаходзіцца на стадыі прыпынення. Ніякіх тэрмінаў даўніны няма. І такім чынам, следства рана ці позна, павінна раскрыць гэтае злачынства. І толькі тады ў справе можна паставіць кропку”, – сказаў Гары Паганяйла.
Аднак, па яго словах, тое, як вядзецца гэтая справа, наводзіць на думкі, што беларускія ўлады не зацікаўленыя, каб гэтая кропка была хутчэй пастаўлена.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота naviny.by