Гары Паганяйла: Заявы пра змены ў галіне правоў чалавека – пыл у вочы
Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў, чаму пачалі гучаць заявы высокіх беларускіх чыноўнікаў пра “рэформы ў галіне правоў чалавека”.
Нагадаем, што на сумесным брыфінгу міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і Дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа кіраўнік белускага знешнепалітычнага ведамства заявіў, што ў краіне “выпрацоўваюцца канкрэтныя меры па ўдасканаленні сітуацыі ў галіне правоў чалавека”. Маўляў, ужо распрацаваны нацыянальны план па правах чалавека, які паспяхова рэалізуецца разам з шэрагам няўрадавых арганізацый.
Гары Паганяйла: Нічога асаблівага ў плане захавання правоў чалавека ў Беларусі не змянілася, хаця МЗС Беларусі і выкарыстоўвае гэтую тэматыку на дыпламатычным узроўні.
Тым больш, не выпадкова, што такая рыторыка гучала падчас сустрэчы з Дзяржсакратаром ЗША, бо Амерыка – адна з вядучых краін, якая адсочвае сітуацыю з правамі чалавека па ўсім свеце. І ў прыватнасці нярэдка крытыкавала Беларусь за гэта. Але словы – гэта адно, а справы – зусім іншае.
РР: У Беларусі ёсць нацыянальны план па правах чалавека?
Гары Паганяйла: Так, на паперы ён насамрэч існуе, і гэта не першы выпадак распрацоўкі такіх планаў. На паперы ў іх нешта робіцца, і нейкія размовы ідуць. Напрыклад, дзяржаўная камісія па вырашэнні пытання ўвядзення ў краіне хаця б мараторыя на смяротнае пакаранне, дзейнічае ўжо больш за дзесяць гадоў! Камісія створана, размовы ідуць, а воз – на месцы, і праблема не вырашаецца.
Таму пра правы чалавека беларускія ўлады ўспамінаюць звычайна падчас афіцыйных сустрэч з рознымі заходнімі палітыкамі і робіцца гэта з нейкіх меркантыльных інтарэсаў. Напрыклад, ЗША могуць поўнасцю зняць усе санкцыі з Беларусі, але яны патрабуюць тых жа рэформаў па правах чалавека.
РР: Улады не пойдуць на рэальныя змены ў гэтай галіне?
Гары Паганяйла: Магчыма, пойдуць на нейкія невялікія змены, каб было што паказаць. Але насамрэч, калі той жа Макей кажа, што мы яшчэ маладая краіны, і мы пакуль толькі вучымся дэмакратыі, а таму нічога асабліва ад нас не патрабуйце, то становіцца зразумелым, што ні сёння, ні заўтра рэпрэсіі ў краіне на закончацца.
Беларускія ўлады пляваць хацелі на заходнія нормы дэмакратыі, у іх сваё разуменнне парадку. Таму яны і ствараюць розныя “нацыянальныя планы”, каб трэсці паперкамі перад носам еўрачыноўнікаў, а самім у гэтым накірунку нічога не рабіць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя