“Гавары праўду” ініцыявала грамадскае назіранне за вучэннямі “Захад-2017”
На вайсковыя вучэнні “Захад-2017” павінны быць дапушчаныя незалежныя назіральнікі. З ініцыятывай стварэння грамадскай камісіі для назірання за беларуска-расейскімі вучэннямі выступілі прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду”. Адзін з лідараў “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў ужо прадставіў Міністэрству абароны Беларусі спіс удзельнікаў камісіі, у якую ўвайшлі незалежныя вайсковыя эксперты.
Аднак супрацоўнік упраўлення ідэалогіі Мінабароны спрабаваў адгаварыць ад гэтай ініцыятывы, бо, маўляў, грамадскае назіранне не прадугледжанае ніякім законам, кажа адзін Андрэй Дзмітрыеў.
– Пакуль у нас няма досьведу супрацы паміж грамадзянскай супольнасцю і сілавымі ведамствамі ў Беларусі. Яны звычайна лічаць, што лепш заставацца за плотам з калючым дротам і не дапускаць да сябе грамадства. І вельмі балюча ставяцца, калі грамадства праяўляе крыху большую цікаўнасць, чым яны хацелі б.
На думку Андрэя Дзмітрыева, вучэнні «Захад 2017» могуць стаць не толькі вайсковымі вучэннямі, але і вучэннямі па ўзаемадзеянні грамадзянскай супольнасьці і Міністэрства абароны пры ўмове, што кіраўніцтва міністэрства здолее паглядзець на гэта не з пункту гледжання сваіх застарэлых звычак, а з пункту гледжання карысці для грамадства.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя