„Гавары праўду” не адмаўляецца ад ідэі пераўтварэння ў палітычную партыю



Кампанія „Гавары праўду” не адмаўляецца ад ідэі з часам пераўтварыцца ў палітычную партыю, паведамілі 18 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску сустаршыні арганізацыі Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў.

„Мы рыхтуемся да гэтага па некалькіх кірунках. Па-першае, гэта стварэнне каманд у рэгіёнах, хочам, каб нашы арганізацыі прысутнічалі больш чым у палове з іх. Па-другое, вельмі важна сфарміраваць сваю ідэалогію і сістэму каштоўнасцяў. Цяпер „Гавары праўду” ўяўляецца сілай абароны інтарэсаў людзей, працягваем нарошчваць свой патэнцыял”, — сказала Караткевіч.

Сёння для кампаніі, адзначыў Дзмітрыеў, больш важным з’яўляецца не стварэнне партыі, а ініцыятыўнай групы. „Гэта больш актуальная рэч, бо мы ідзем на прэзідэнцкія выбары адназначна са сваім кандыдатам. Мы не будзем уступаць ні ў якія саюзы, акрамя дамоўленасці аб тым, што не будзем паміж сабой кляйміць нікога з дэмакратычных кандыдатаў”, — заявіў ён.

„Для нас сёння галоўнае пытанне — здольнасць вылучыць сваіх кандыдатаў на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. А партыі быць, але для гэтага ў дзяржаве павінны саспець пэўныя абставіны. Гэта змяненне выбарчага заканадаўства і ўзмацненне ролі партый. Пакуль „Белая Русь” не стане партыяй, ніхто не будзе мець палітычнай магчымасці зарэгістравацца. Проста яшчэ гадоў дзесяць працаваць у статусе аргкамітэта сэнсу няма”, — сказаў ён.

У найбліжэйшыя два гады ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары. Згодна з заканадаўствам, выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года, прэзідэнта — не пазней за 30 жніўня 2020-га. У сувязі з гэтым не выключана, што адна з выбарчых кампаній можа адбыцца ў 2019 годзе.

belapan.by