„Гавары праўду” вылучыць да 50 кандыдатаў на парламенцкіх выбарах
Грамадзянская кампанія „Гавары праўду” вылучыць да 50 кандыдатаў на маючых адбыцца выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня арганізацыі Андрэй Дзмітрыеў.
„Мы будзем збіраць подпісы, паколькі не можам вылучаць пратаколам, як палітычныя партыі. Тады мы б вылучылі кандыдатаў у кожнай акрузе, людзей хапае. Але не ва ўсіх ёсць час і сілы, каб збіраць подпісы, асабліва гэта тычыцца сельскіх акругаў, дзе трэба праехаць сотні кіламетраў”, — сказаў ён.
Паводле слоў Дзмітрыева, парламенцкая кампанія ў „Гавары праўду” будзе аб’яднаная ў адзіную з прэзідэнцкай. „Мы цяпер распачынаем і скончым праз год. І галоўная тэма для нас — барацьба з падвойнымі стандартамі ў краіне, за справядлівасць. Мы бачым, што для адных усё, для іншых або нічога, або закон”, — растлумачыў ён.
Сустаршыня арганізацыі дадаў, што перадвыбарную кампанію будуць выкарыстоўваць для вырашэння канкрэтных праблем у акругах. „Мы гаворым людзям — бярыце канкрэтныя пытанні, ідзіце на выбары і дамагайцеся іх вырашэння, каб у выбараў быў такі вынік, бачылі пазітыўныя змены для сябе”, — адзначыў Дзмітрыеў.
Паводле яго слоў, адна з пагроз для новага парламента, што ў ім не будзе альтэрнатывы. „Калі нават тое, што мы маем сёння, не ўтрымаецца, тады парламент стане закрытым клубам начальнікаў. Сёння трэба тлумачыць і ўладам, і людзям, што калі вы хочаце, каб парламент прадстаўляў вашы інтарэсы і яму давяралі, то там павінны быць альтэрнатыўныя сілы. Без іх будзе мёртвая цішыня”, — сказаў на заканчэнне Дзмітрыеў.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу пройдуць 17 лістапада 2019 года.