“Гавары праўду” – за бяспечны фармат удзелу ў палітыцы
У Беларусі працягваецца парламенцкая выбарчая кампанія. Шэраг апазіцыйных палітыкаў з самага пачатку ставяць пад сумнеў справядлівасць будучых вынікаў і заклікаюць да акцый пратэсту 12 верасня.
Кампанія “Гавары праўду” лічыць удзел у вулічных акцыях бессэнсоўным і немэтазгодным. Пра гэта заявіў на адмысловай прэсавай канферэнцыі лідар кампаніі Андрэй Дзмітрыеў. “Сёння для пратэсту ў Беларусі няма больш шкоднай з’явы, чым малалікія акцыі апазіцыі,” – гаворыць Андрэй Дзмітрыеў:
– Выходзяць 100 чалавек з ціхарамі, а глядзяць на гэта тысячы. Яны глядзяць – да каго там далучацца? Няма сэнсу рызыкаваць. Калі я езджу і размаўляю з людзьмі, то для іх адчуванне бяспекі вельмі важнае. Сёння дэмакратычныя сілы павінны знайсці такія фарматы ўдзелу ў палітыцы, якія былі б бяспечныя для іх.
“Нашай мэтай мусіць стаць не пратэст, а вяртанне людзей у палітыку,” – адзначыў Андрэй Дзмітрыеў. 21 кандыдат ад кампаніі “Гавары Праўду” здолеў пераадолець бар’ер у тысячу подпісаў і падаць дакуманты на рэгістрацыю. Выбары ў Палату прадстаўнікоў маюць адбыцца 11 верасня.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота zapraudu.info