Генадзь Фядыніч: Апазіцыя павінна распрацаваць адзіную эканамічную праграму



Калі апазіцыя не здолела вылучыць адзінага кандыдата для ўдзелу ў кампаніі выбараў прэзідэнта, то яна можа зараз паспрабаваць распрацаваць адзіную праграму выхаду з эканамічнага крызісу, – лічыць старшыня прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Беларусі Генадзь Фядыніч. Зрабіць такую праграму вельмі цяжка, але неабходна. Сама сённяшняя сітуацыя да гэтага абавязвае, кажа палітык.

– Што сёння атрымліваецца з эканомікай? Хто б не прыйшоў да ўлады пасля Лукашэнкі, гэта будуць закладнікі той сістэмы, якая працуе сёння. Трэба будзе рабіць рэформы ў эканоміцы, трэба будзе рабіць рэформы ва ўсіх галінах. Гэта не будзе падабацца людзям. Але гэта павінны будуць зрабіць тыя, хто прыйдуць, таму што няма ніякага выйсця з гэтага становішча. Мабыць гэта будзе такі часовы ўрад, часовы прэзідэнт, таму што вельмі цяжкае зараз становішча і няма ніякага прасвету.

На думку Генадзя Фядыніча, да рэальных зменаў у Беларусі можа прывесці толькі аб’яднаны дэмакратычны рух, стварэнне якога будзе падтрымана знізу самімі людьмі. Рэальнасць паказвае, што мноства невялікіх партый і арганізацый не могуць нават дамовіцца адна з адной і дзейнічаць у адным накірунку.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя