Генадзь Фядыніч: Дэмакратыю трэба заваёўваць
Днямі споўнілася 27 год, як Аляксандр Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам Беларусі. 10 ліпеня 1994 года ён з вялікім адрывам перамог прэм’ера Вячаслава Кебіча ў другім туры выбараў. Да сваёй перамогі ён ішоў пад лозунгамі і з абяцаннямі далейшага развіцця дэмакратыі, незалежнасці, барацьбы з карупцыяй, адстойвання праўды, справядлівсці, законнасці. Што адбылося за гэтыя гады, ці выкананы гэтыя абяцанні? Гэта ўжо хіба рытарычнае пытанне.
І пра гэта размова Радыё Рацыя з адным з лідараў прафсаюзу працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзем Фядынічам:
– Я хачу сказаць, што народ залугоўвае той ўлады, якую мае, і шмат у чым ёсць вінаваты сам народ. Безумоўна, тыя выбары, дзе былі Кебіч, Пазняк, Шушкевіч, падлічваліся без усялякіх падтасовак. Таму тады і прайшоў Лукашэнка, бо ён гаварыў тое, што хоча чуць народ. А ў той момант народ хацеў чуць і верыць у тое, што як ён гаворыць, так яно і будзе. Усе астатнія выбары былі падтасоўкай, там не было шчырых выбараў. І ведаем, хто ішоў на выбары, той апынуўся ў турме. Вось дэмакратычныя выбары па-лукашэнкаўску. Што тычыцца самых абяцанак – гэта палітыка. Абяцае шмат хто, што зробяць, калі прыйдуць да ўлады. Калі прыходзяць – штосці атрымліваецца, штосці не. Тут атрымалася нешта іншае. Стварыць вакол сябе людзей, якія не народ, а якія толькі за ўладу, за сваё месца, і ніхто шчыра аб народзе ўжо даўно не думае. Народ жыве сваім жыццём, улада жыве сваім. Дэмакратыя не даецца проста так, і не дарыцца. Дэмакратыю трэба заваёўваць”.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Як кажуць, сіла ў праўдзе, а не ў сіле, – падкрэсліў Генадзь Фядыніч.
Беларускае Радыё Рацыя.