Генадзь Фядыніч: Гэта шлях у нікуды
Чым больш жорсткі ціск на грамадства з боку ўлады, тым мацней будзе адказ у свой час, – кажа госць Рацыі, намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч у размове з карэспандэнтам нашага радыё Генадзем Барбарычам, ацэньваючы апошнія арышты і рэпрэсіўныя законы з боку ўлады.
РР: Цяпер, як у песні, кожны новы дзень – і новы арышт. Апошняе гучнае затрыманне – гэта затрыманне кіраўніка адной са старэйшых партый у Беларусі, партыі БНФ, Рыгора Кастусёва. Стала вядома, што і палітолаг Аляксандр Фядута затрыманы КДБ. Ніхто не разумее за што. Як вы патлумачыце гэта?
Генадзь Фядыніч: Мне здаецца, што сёння наступіў час, што ёсць, мабыць, графік пасадкі прозвішчаў, якіх трэба саджаць. Ніхто ж не разбіраецца за што. Спачатку пасадзім, а потым будзем разбірацца. Гэта не прававая дзяржава. І калі сёння чыноўнікі кажуць, што ў Беларусі ўсё добра, няма ніякага крыміналу і што людзі вольна могуць гуляць па вуліцах, але я не здзіўлюся, што ўлада яшчэ ўвядзе каменданцкі час. Таму што тое, што зараз робіцца, у розум нармальнага чалавека не ўкладваецца. Супраць якога тэрырызму ўлада ваюе, калі яго ў нас і блізка не было і няма? Навошта зараз бударажыць народ і ўкідваць гэтую інфармацыю, што мы вас абараняем ад нейкіх тэрарыстаў? Проста гэты ўкід псеўдаінфармацыі рана ці позна выплыве вонкі, і мы будзем ведаць “герояў” гэтай інфармацыі і гэтых падзеяў.
РР: Не так даўно міністр замежных спраў Уладзімір Макей сказаў, што калі будуць падаўжацца санкцыі, то ў Беларусі будзе цалкам знішчана грамадзянская супольнасць, тыя, каго падтрымлівае захад. Магчыма, і ў гэтым адна з прычынаў тых новых арыштаў, пачалася зачыстка?
Генадзь Фядыніч: Яна ніколі і не прыпынялася, яна час ад часу была заўсёды. Але навошта саджаць Кастусёва, калі наперадзе, у траўні, будуць усе партыі перарэгістраваныя. Я думаю, што ўлада, безумоўна, гэтым скарыстаецца, таму што гэтыя партыі немэтазгодныя для дзяржавы, яны прыпыняцца і будуць незарэгістраваныя. А потым – хадзі і даказвай, што гэта не так. Гэтыя ўсе праблемы заганяюцца ўглыб. Іх трэба вырашаць, пакуль ёсць час, пакуль людзі здольныя і хочуць казаць, і хочуць быць пачутымі ў гэтым плане. Гэта трэба рабіць любой уладзе, і гэтай. Калі ўлада не можа гэта рабіць, то гэта шлях у нікуды.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя