Генадзь Фядыніч: Народ ужо не той, які быў учора
Сітуацыя ў Беларусі напружаная і складаная. Гэта выклікана нежаданнем бальшыні беларусаў бачыць кіраўніком дзяржавы Аляксандра Лукашэнку. Але ці гатовы беларусы бараніць свой выбар і што для гэтага трэба, мы пагаворым з „Госцем Рацыі” – лідарам прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Генадзем Фядынічам.
РР: Вы казалі, што ў простага чалавека прачнуліся не толькі незадаволенасць, але і пачуццё годнасці, адказнасці за сябе, сваіх дзяцей і Радзіму. Вы падтрымліваеце зараз вашую ранейшую думку?
Генадзь Фядыніч: Безумоўна. І з кожным днём гэтае ўражанне ўсё большае.
РР: А ці гатовыя беларусы да страйку?
Генадзь Фядыніч: Думаю, што далёка не ўсе. Страйк трэба рыхтаваць. Можна колькі заўгодна гаварыць пра страйк, але яго трэба рыхтаваць. Скажу адно, што незадаволенасць на дзяржаўных прадпрыемствах эканамічнай сітуацыяй і наогул тым, што робіцца ў грамадстве, недавер да ўлады расце з кожным днём. Яны разумеюць, што не толькі наймальнік у гэтым вінаваты, але вінавата сістэма. Я памятаю 90-ы год, як гэта адбывалася. Гэта была трошкі іншая сітуацыя. Але напружанасць у грамадстве расце. Усё можа быць.
РР: Якім Вы бачыце далейшы сцэнар? Застанецца ў нас Лукашэнка? Многія так і кажуць, што нічога мы не зробім – ён застанецца, магчыма, ненадоўга.
Генадзь Фядыніч: Зыходзячы з таго, як фармаваліся падліковыя камісіі, безумоўна, як гавораць у грамадстве – галасуй не галасуй, яны падлічаць, як ім скажуць зверху. І хачу сказаць, што зараз больш брутальна будзе праходзіць гэта выбарчая кампанія. Народ ужо не той, які быў учора. Ён разумее сутнасць. Я думаю, што разумее і сам Лукашэнка.
РР: Вы згодныя з тым, што людзей 9-га трэба клікаць на Плошчу?
Генадзь Фядыніч: Я думаю, што людзі самі ведаюць, што рабіць. Яны ўжо зараз у чэргах кажуць, што рабіць. Яны самі вырашаць у залежнасці ад сітуацыі, якая яшчэ будзе пасля 14 ліпеня, што рабіць 9 жніўня. Я думаю, што і заклікаць не трэба будзе нікога, бо людзі самі зробяць свой выбар. Не трэба недаацэньваць нашае грамадства.
РР: Як Вы ставіцеся да міжнароднай падтрымкі, калі беларусы ў замежжы выходзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі падтрымаць землякоў?
Генадзь Фядыніч: Гэта вельмі добра, але мне не зусім зразумелая пазіцыя Еўразвяза, ЗША. Сёння вельмі жорстка парушаецца перадвыбарчая кампанія, правы простых людзей, якіх садзяць у турмы. Калі вы лічыце сябе дэмакратамі, то і рабіце захады да ўладаў Беларусі дэмакратычныя і жорсткія. Бо грамадства хоча змен. А вы хочаце ці не, каб Беларусь развівалася па дэмакратычным шляху? Вось такое пытанне ім трэба задаць, а не нашым беларусам. Дзякуй, што яны выходзяць ад Аўстраліі да Амерыкі і Еўропы. Гэта ўпершыню такое. Галоўнае, каб гэта працягвалася і далей.
РР: Ці рэальна беларусам адстаяць свае галасы без падтрымкі з боку назіральнікаў ад АБСЕ, якія не прыедуць з-за каронавіруса?
Генадзь Фядыніч: Гэта парасон для Лукашэнкі, калі не прыедуць назіральнікі. І мне здаецца, што гэта было зроблена дастаткова наўмысна. Лукашэнка будзе карыстацца гэтым, каб зрабіць тое, што ён хоча. Калі Лукашэнка думае выйграць гэтыя выбары шчыра, то ён павінен да 14 ліпеня выдаць указ уключыць у падліковыя камісіі прадстаўнікоў усіх апазіцыйных партый. Калі ты сёння адчуваеш сябе лідарам нацыі, табе няма чаго баяцца. А калі ты гэтага не робіш, ты спадзяешся на стары сцэнар. Я лічу, што сёння сітуацыя не тая, і ён сам гэта разумее. Калі будзе зроблена па старым сцэнары, то я ўпэўнены, што ні Еўропа, ні Амерыка ніколі не прызнаюць гэтыя выбары сапраўднымі.
РР: Дэпутаты Еўрапарламента падпісалі ліст кіраўніцтву Еўракамісіі з просьбай разгледзець магчымасць увядзення санкцый у адносінах да ўладаў Беларусі. Вы падтрымліваеце такую ідэю?
Генадзь Фядыніч: Я лічу, што гэта павінна быць не просьба, а патрабаванне. Не можа быць дэмакратыі ў розных колерах. Яна ці ёсць ці яе няма. Я гэта падтрымліваю цалкам. Калі сёння не вызваляюць палітзняволеных, калі сёння няма дэмакратычных рухаў у Беларусі, калі пастаянна ідзе валтузня паміж Еўропай і Расеяй, на гэтым ужо пара ставіць кропку. Ці ў нас будзе дэмакратыя, ці ў нас будзе Лукашэнка.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя