Генадзь Фядыніч: Прафсаюзы павінны быць у канструктыўнай апазіцыі да ўлады



„Прафсаюзы павінны быць канструктыўнай апазіцыяй да ўлады, а Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, чый з’езд адбыўся ў Менску з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, такім органам не з’яўляецца, а слепа падтрымлівае любое рашэнне ўлады,” – лічыць кіраўнік незалежнага прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч. Таму і размова на з’ездзе абмінула шэраг балючах праблем, – лічыць Фядыніч.

– Сістэма рэгістрацыі прафсаюзаў павінна быць толькі з падачы заяваў, а не загадам органаў адміністрацыі. Трэба дэкрэты і 5-ы, і 29-ы, ды і ўсе іншыя дэкрэты, зняць. Павінны працаваць толькі законы. Прафсаюзы павінны ведаць: што сёння з эканомікай, куды мы прыйшлі і што будзем рабіць далей. Для таго, каб краіна выходзіла з крызіса, павінен быць давер уладзе. Такога даверу няма – улада сама па сабе, а рабоыя самі па сабе.

Але на такіх мерапрыемствах з удзелам кіраўніцтва краіны ніколі шчырых размоў не адбываецца. Сцэнар заўсёды адзін: кіраўнік дзяржавы абвяшчае ісціны ў апошняй інстанцыі. А ўсе астатнія павінны дзякаваць, што ён знайшоў час і сустрэўся з прафсаюзным актывам, і абяцаць падтрымку ўладзе. „А вось ці будзе народ падрымліваць уладу і прафсаюзы ў такім выпадку – гэта пытанне,” – кажа Генадзь Фядыніч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя