Генадзь Фядыніч: Улады панікуюць
Прынята папярэдняе рашэнне, што новыя санкцыі з чацьвёртага пакету Еўразвязу распаўсюдзяцца на 78 функцыянераў рэжыму Лукашэнкі і 7 арганіацыяў.
Як сказаў у эфіры нашага радыё адзін з лідараў Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч, пакуль цяжка прагназаваць, наколькі моцны эфект санкцыі зробяць, але відавочна, што еўрапейскія краіны зараз настроены рашуча і кансалідавана, а ўлады Беларусі панікуюць:
– Такога падыходу да праблем, звязаных з Беларуссю, за ўсю навейшую гісторыю не было. Еўрапейцы – дэмакраты, яны хочуць, каб у Беларусі прайшлі сумленныя, празрыстыя выбары кіраўніка дзяржавы. І хай народ сам вызначае свой лёс. Словам Еўропа ўжо не верыць. Павінна быць канкрэтыка ў справах, у дзеяннях улады. Бо калі санкцыі будуць уведзены, то, безумоўна, гэта не можа не адбіцца на грамадзянах. Для людзей гэта будзе вялікае выпрабаванне, якое трэба прайсці дастойна.
РР: Уражанне, што ўлады спачатку не верылі, што Захад так сур’ёзна паставіцца да санкцый. А зараз бачна, што спалохаліся, мітусяцца, зноўку спрабуюць разыграць карту абмену палітзняволеных на паслабленне санкцый.
Генадзь Фядыніч: Я скажу, што ўжо той час прайшоў, і думаю, што палітвязні будуць так ці інакш вызваленыя. Але ж яны не стануць ужо разменнай манетай па санкцыях. Зараз у бюджэце, на мой погляд, ужо ёсць праблемы. І, безумоўна, гэта скажацца на людзях, якія працуюць у бюджэтнай сферы ў першую чаргу.
РР: Якая сітуацыя ў працоўных калектывах напярэдадні гэтых санкцый, якія шмат каго з іх закрануць?
Генадзь Фядыніч: Яны ж ведаюць, што санкцыі датычацца ў асноўным нафтаперапрацоўчых заводаў, “Беларуськалія”. Безумоўна, гэта дрэнна. Бо працоўны народ тут ні пры чым. А калі гавораць, што гэтыя “пратэстуны”, якія з’ехалі, усё робяць, каб санкцыі ўвялі, ну то зрабіце, каб не было падстаў уводзіць санкцыі! Чаму ўлады не могуць адпусціць гэтых людзей? Чаму яны працуюць над законапраектамі, каб ушчаміць народ, а не каб ён жыў вольна. Пратэсты – мірныя і законныя. Навошта вы робіце так, каб у людзей была нянавісць да ўлады? Гэтага не павінна быць.
РР: Некаторыя прадстаўнікі ўлады кажуць, калі ўводзіць жорсткія санкцыі, то Беларусь канчаткова можа трапіць у сферу ўплыву Расеі, фактычна ўвайсці ў яе склад. Што вы думаеце пра гэта?
Генадзь Фядыніч: Я думаю, што Расеі трэба разабрацца са сваімі праблемамі. Калі будзе Беларусь дэмакратычнай, усё роўна адносіны да расіян не зменяцца, бо гэта славянскія народы. Але ж павінны змяніцца адносіны да дэмакратыі, да правоў чалавека, да таго, каб дзяржава шанавала свой народ.
І я веру, што так, безумоўна, будзе. Як у Беларусі, так і ў Расеі, – кажа Генадзь Фядыніч.
Беларускае Радыё Рацыя