Гендырэктар Ryanair пра сітуацыю з самалётам: Гэта ўгон па загадзе ўладаў



„Угонам самалёта па загадзе ўладаў” назваў сітуацыю з самалётам Ryanair у Беларусі генеральны дырэктар авіякампаніі Майкл О’Ліры.

У інтэрв’ю ірландскаму медыя Newstalk ён выказаў здагадку, што на борце таксама было некалькі агентаў КДБ.

Тое, што адбылося, О’Ліры назваў „пірацтвам, спансаваным дзяржавай”.

Пры гэтым гендырэктар Ryanair адзначыў, што не можа шмат расказаць пра здарэнне, бо гэтым пытаннем „цяпер займаюцца ўлады ЕЗ і НАТО”.

„Мы апытваем наш экіпаж, які прарабіў фенаменальную працу, каб вывезці самалёт і амаль усіх пасажыраў з Менска праз шэсць гадзін”, — сказаў О’Ліры.

Самалёт вылецеў з Менска ў 20.54 і прызямліўся ў Вільні каля 21.25. Пасажыраў сустракала ў аэрапорце прэм’ер-міністр краіны Інгрыда Шыманіце.

Інцыдэнт у той ці іншай форме асудзілі Вялікабрытанія, ЗША, Грузія, Літва, Польшча, Грэцыя, Францыя, Германія, структуры ЕЗ, НАТА і АБСЕ. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) выказала „сур’ёзную занепакоенасць відавочна вымушанай пасадкай рэйса Ryanair і яго пасажыраў”. Неадкладнага вызвалення Пратасевіча запатрабавалі Украіна, Латвія і Эстонія.

belapan.by