Генеральная пракуратура Украіны анансавала допыт Віктара Януковіча
Генеральная пракуратура Украіны анансавала допыт прэзідэнта-уцекача Віктара Януковіча. Допыт адбудзецца ўжо 25 лістапада і будзе весціся праз Скайп. Гэта звязана з катэгарычнай адмовай Віктара Януковіча вяртацца ва Украіну для дачы сведчанняў пра масавыя забойствы на Майдане падчас Рэвалюцыі Годнасці.
Падчас допыту прадстаўнікі Генпракуратуры будуць знаходзіцца ў Святошынскім судзе Кіева, а Януковіч – у Расейскай Федэрацыі, у Растоўскім абласным судзе.
Юрыст Юрый Аўдзеенка ўпэўнены, што ўкраінскія ўлады не прыкладаюць патрэбных намаганняў для таго, каб высветліць праўду пра падзеі на Майдане і што допыт Януковіча не прасуне следства ў гэтым накірунку.
— Мяне не задавальняюць тэмпы расследавання, яны не задавальняюць аніводнага украінца. Следства прывязваецца да нейкіх драбніц Я лічу, што допыт Януковіча — гэта адна з драбніц у гэтым вялікім працэсе. У нас ёсць заканадаўства, адносна завочнага разгляду спраў і нават завочнага вынясення прысуду. Чаму сёння нашы праваахоўныя органы не выкарыстоўваюць гэтых, прадстаўленых законам, магчымасцяў?
Нагадаем, што Генеральная пракуратура ўжо дапытала наконт падзеяў на Майдане цяперашняга ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнку.
Беларускае Радыё Рацыя