Генеральны пракурор Польшчы загадаў правесці расследаванне справы аб угоне самалёта ў Беларусі
Генеральны пракурор Польшчы Збігнеў Зёбро загадаў правесці расследаванне нядзельнай змушанай уладамі Беларусі пасадкі самалёта Ryanair у Менску.
Расследаванне датычыць парушэння двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Першы – выкарыстанне падману альбо пагрозы прамога гвалту для ўзяцця пад кантроль самалёта. Гэта відавочная спасылка на ілжывую інфармацыю пра бомбу на борце самалёта, перададзеную экіпажу з Менска, і на перавод беларускага знішчальніка на пасажырскую машыну, якая павінна была прывесці да перахопу, гэта значыць прымусіць экіпаж адхіліцца ад курсу і прызямліцца ў сталіцы Беларусі.
У другім артыкуле, на які спасылаецца польская генеральная пракуратура, гаворыцца пра незаконнае пазбаўленне волі, якое датычыць як апазіцыянера Рамана Пратасевіча, затрыманага ў Менску, так і яго дзяўчыны, а таксама ўсіх пасажыраў і экіпажа незаконна затрыманага самалёта.
Летась Раман Пратасевіч атрымаў палітычны прытулак у Польшчы. Акрамя таго, авіякампанія Ryanair, якая выконвае рэйсы з Афінаў у Вільню, афіцыйна зарэгістравана ў Польшчы.
Раней прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі паведаміў, што таксама разглядае санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам. Лідары ЕЗ патрабуюць аналагічных дзеянняў. Пытанне аб магчымых наступствах будзе абмяркоўвацца сёння на саміце ЕЗ. Кіраўнік еўразвязаўскай дыпламатыі Жазэп Барэль заклікаў вызваліць Рамана Пратасевіча.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: PAP/Tomasz Gzell