Генеральны сакратар НАТА: Расея не павінна ўмешвацца ў працэсы ў Беларусі
Расея не павінна ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы ў Беларусі і спрабаваць душыць волю беларускага народа, заявіў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу (НАТА) Енс Столтэнберг на прэс-канферэнцыі 1 снежня пасля пасяджэння міністраў замежных спраў краін НАТА.
Фота: LIGA.net
На пытанне, ці бачыць альянс магчымасць расейскага ваеннага ўмяшання ў Беларусь на фоне пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнік арганізацыі адказаў, што НАТА „падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць і незалежнасць Беларусі”. Паводле яго слоў, цяпер у Беларусі разганяюць мірныя дэманстрацыі і праяўляюць непавагу да фундаментальных правоў чалавека.
„Народ Беларусі павінен вызначаць будучыню сваёй краіны. Тут не павінна быць ніякага замежнага ўмяшання. І, зразумела, Расея не павінна ўмешвацца ў дэмакратычныя працэсы і спрабаваць душыць волю беларускага народа”, — заявіў Столтэнберг.
27 жніўня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Расія 1” прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паведаміў, што па просьбе Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі сфармаваў рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі. „Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфармаваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў, — заявіў Пуцін. — Але мы дамовіліся таксама, што ён не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю. Да таго часу не будзе выкарыстоўвацца, пакуль экстрэмісцкія элементы, прыкрываючыся палітычнымі лозунгамі, не пяройдуць пэўных межаў і не пачнуць проста разбой, не пачнуць падпальваць машыны, дамы, банкі, спрабаваць захопліваць адміністрацыйныя будынкі і гэтак далей”.
14 верасня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў: на перамовах у Сочы Лукашэнка і Пуцін дамовіліся распусціць сфармаваны рэзерв сілавікоў. „Важным вынікам перамоў двух прэзідэнтаў у Сочы стала дамоўленасць аб тым, што Расея здымае рэзерв праваахоўных органаў і Нацыянальнай гвардыі, які быў засяроджаны паблізу расейска-беларускай мяжы, і выводзіць людзей у месцы пастаяннай дыслакацыі”, — сказаў прадстаўнік Крамля.
22 кастрычніка Пуцін, размаўляючы з удзельнікамі дыскусійнага клуба „Валдай”, заявіў, што Расея не ўмешвалася ў падзеі ў Беларусі. „Так, у Беларусі мы бачылі турбулентныя працэсы, але на што хацеў бы звярнуць увагу — Расея ж не ўмешвалася ў тое, што там адбывалася. Мы разлічваем, што і ніхто не будзе ўмешвацца, ніхто не будзе раскручваць у сваіх інтарэсах гэты канфлікт і навязваць нейкія свае рашэнні беларускаму народу”, — сказаў расійскі прэзідэнт.
27 лістапада падчас наведвання 6-й клінічнай бальніцы Менска Аляксандр Лукашэнка заявіў, што „ніколі не прасіў расейскае кіраўніцтва аб дапамозе”, а Пуцін, даведаўшыся аб падзеях у Беларусі, „сам прапанаваў падставіць плячо”, таму што „разумеў: наступнай будзе Расея”.