Генконсул Украіны: Расея не пакіне сваіх імперскіх замашак
Украіна адзначае 25 угодкі незалежнасці. 24 жніўня 1991 года на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета УССР была абвешчана незалежнасць і ўтварэнне самастойнай дзяржавы.
Што для краіны-суседкі і яе грамадства азначае незалежнасць, распавёў Генеральны консул Украіны ў Берасці Алег Мысык:
– Для любой дзяржавы, асабліва для Украіны, гэта надзвычай важнае дзяржаўнае свята. Свята стварэння нашай дзяржавы, а лепш сказаць аднаўлення нашай дзяржавы і дзяржаўнасці. Украіна цяпер прайшла такі этап дзяржаўнасці: Кіеўская Русь, Галіцкая-Валынскае Княства, Вялікае Княства Літоўскае, Казацкая дзяржава, першая народная рэспубліка 1918-20 гг., савецкі перыяд. Мы можам сказаць, што 24 жніўня 1991 года – гэта было аднаўленне тых страчаных магчымасцяў, якія былі ў тыя гады, асабліва ў перыяд 1918-20 гг., калі 22 студзеня 1918 года была абвешчана першая незалежнасць Украіны ў XX стагоддзі.
РР: У сувязі з апошнімі падзеямі – з вайной, як вы лічыце, ці ёсць пагроза незалежнасці Украіны?
Алег Мысык: Ведаеце, пагроза ёсць не толькі для Украіны ў гэтым выпадку. Ніколі Расея не змірыцца з тым, што Украіна выбрала іншы шлях развіцця, дзяржаваўтварэння, шлях свабоды, дэмакратыі, шанавання правоў чалавека, законнасці. Расея ніколі не пакіне сваіх імперскіх замашак на аднаўленне колішняй імперыі, усе гэтыя падзеі апошніх двух гадоў: анексія Крыму, падзеі на ўсходзе Украіны – гэта следства таго, што Расея не можа змірыцца з іншым шляхам Украіны, які абрала Україна – з еўрапейскім шляхам развіцця.
РР: Адносна беларуска-ўкраінскіх стасункаў, якую б вы ацэнку далі рэпрэзентацыі на Берасцейшчыне? Ці ёсць праблемы?
Алег Мысык: Праблемы паўсюдна ёсць і заўсёды будуць, бо нельга ўсе пытанні вырашыць адразу, і забяспечыць усё тое, чаго вымагае грамадства, магчыма кожны чалавек. Паводле апошняга перапісу насельніцтва Беларусі 2003 года, на тэрыторыі Берасцейскай і Гарадзенскай вобласці, а гэта наша консульская акруга, пацвердзіла сваё этнічнае паходжанне 70 тысяч грамадзян Беларусі, якія маюць украінскае паходжанне. Яны маюць свае жаданні, свае патрабаванні, свае праблемы. Беларусь надае вялікае значэнне нацыянальным меншасцям, да якіх адносяцца і ўкраінцы. У суботу быў вялікі канцэрт на плошчы ў Менску прысвечаны Украіне, незалежнасці Украіны, у якім бралі ўдзел нацыянальныя меншасці з Берасця ў тым ліку, з Кобрына, Маларыты, Гомеля, Маладэчна, Магілёва, Менска. Гэта быў вельмі вялікі захад па падтрымцы Украіны. Канцэрт адбыўся пры ўдзеле ўкраінскіх калектываў з тэрыторыі Беларусі. На жаль у Беларусі няма ніводнай школы з украінскай мовай навучання – гэта нас турбуе, але на жаль такія сёння справы. 2 чысла тут у цэнтры на Камуністычнай таксама адбудзецца канцэрт украінскіх калектываў прысвечаны незалежнасці Украіны ды 160-годдзю з дня нараджэння нашага вялікага пісьменніка Франко. Таксама 24-га а 11-й гадзіне адбудзецца ўскладанне кветак да помніка Шаўчэнку з нагоды Дня Незалежнасці. Сёння ў нас дзень дзяржаўнага сцяга і мы сёння таксама ўрачыста ўздымалі сцяг Украіны над будынкам нашага консульства. 6-га чысла тут у Берасці будзе афіцыйны прыём з нагоды нашага дзяржаўнага свята.
РР: Пытанне датычнае добраахвотнікаў беларусаў, якія ваявалі. Неяк украінская дзяржава ідзе насустрач у пытаннях атрымання грамадзянства?
Алег Мысык: Пытанне грамадзянства з’яўляецца вельмі складаным, яно павінна прайсці пэўныя этапы. Я ведаю, што пазачарговае грамадзянства дае сваім указам толькі прэзідэнт – гэта яго кампетэнцыя.
РР: Тэарэтычна, калі прэзідэнт на гэта пагодзіцца, то разлічваць можна?
Алег Мысык: Канешне можна разлічваць, калі дакументы будуць адпавядаць, заслуга таго чалавека будзе адпавядаць тым крытэрыям, якія прадугледжвае наданне грамадзянства ў выключных абставінах, то прэзідэнт можа надаць грамадзянства.
РР: Якія б словы вы сказалі з нагоды ўгодкаў незалежнасці?
Алег Мысык: Як казаў наш вялікі Шаўчэнка: “Борітеся – поборете!”. Мы таксама думаем, што мы пераможам агрэсію, што мы зноў вернем свае тэрыторыі і Крым, а таксама адновім парадак на ўсходзе Украіны – у Данецкай ды Луганскай вобласці. Хачу пажадаць беларусам мірнага неба, ніколі не перажыць такога ўдару ад суседзяў, які перажылі мы. Мы шчыра ўдзячныя беларускаму народу, кіраўніцтву, прэзідэнту Беларусі за тое, што нам прадставілі месца для перамоў у межах “нармандскай чацвёркі” для вырашэння гэтых усіх пытанняў, якія сёння вырашаюцца, за гэта мы вельмі ўдзячныя беларускаму боку.
На Берасцейшчыне ўрачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці Украіны традыцыйна адбываюцца каля помніку Тарасу Шаўчэнку, які месціцца на аднайменным бульвары горада. На мерапрыемства запрашаюць як кіраўніцтва горада, так і прадстаўнікоў інтэлігенцыі і мясцовай украінскай дыяспары.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце