Генпракуратура ініцыюе міжнародны вышук Паўла Латушкі



Генеральная пракуратура накіравала ў Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола ў Беларусі пакет дакументаў, неабходных для абвяшчэння Паўла Латушкі ў міжнародны вышук.

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Генпракуратуры, Латушку інкрымінаванае здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 357 (змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ці ўтрымання ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або кіраўніцтва такім фармаваннем ці яго структурным падраздзяленнем), ч. 3 арт. 361 (заклікі праз СМІ ці інтэрнэт да захопу ўлады або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, альбо здрады дзяржаве, альбо ўчынення акта тэрарызму ці дыверсіі, альбо заклікі да замежнай дзяржавы ці арганізацыі здзейсніць дзеянні, скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) Крымінальнага кодэкса.

„У дачыненні да Латушкі ў межах крымінальнай справы, якая расследуецца галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта, з санкцыі пракурора абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту”, — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

Павел Латушка пакінуў Беларусь 2 верасня 2020 года. Ён узначальвае створанае 26 кастрычніка Народнае антыкрызіснае кіраванне і з’яўляецца членам прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. Паводле слоў Латушкі, мэта новай структуры — забяспечыць пачатак перамоў па перадачы ўлады, а ў будучыні яна павінна стаць органам, які „забяспечыць стабільнасць у краіне з моманту сыходу экс-прэзідэнта са сваёй пасады аж да даты выбараў і прыходу да ўлады новага ўрада”.

7 кастрычніка расейскія СМІ паведамілі, што ў вышук абвешчаная экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, якая вымушана знаходзіцца за мяжой з 11 жніўня. У МУС РФ тады растлумачылі, што падставай для абвяшчэння ў вышук на тэрыторыі Расіі з’яўляюцца пагадненні, заключаныя ў межах СНД. 16 кастрычніка Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Ціханоўская абвешчаная ў міждзяржаўны вышук за заклікі да „прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы”.

belapan.by