Генпракуратура Літвы пачала расследаванне па факце захопу самалёта



Генпракуратура Літвы пачала дасудовае расследаванне захопу самалёта і забароненага абыходжання з людзьмі, паведамляе delfi.lt.

Пра гэта заявіла кіраўніца па пытаннях камунікацыі Генпракуратуры Эляна Марціноненэ. Займаецца расследаваннем Бюро крымінальнай паліцыі Літвы. Расследаванне праводзіцца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — аб прымусовым знікненні і захопе самалёта. Ужо ў нядзелю супрацоўнікі крымінальнай паліцыі Літвы апыталі ў аэрапорце пасажыраў і экіпаж самалёта, які быў вымушаны прызямляцца ў Менску.

„У адных пасажыраў бяром кантактныя дадзеныя, а іншых, якія, на нашу думку, больш важныя, апытваем. Больш за дзесяць асноўных, пераважна — чальцы экіпажа”, — патлумачыў начальнік Бюро крымінальнай паліцыі Раландас Кішкіс

23 траўня самалёт Ryanair рэйсам Афіны — Вільня быў прымусова пасаджаны ў Нацыянальным аэрапорце „Мінск”. Беларускія дыспетчары заявілі, быццам на борце самалёта ёсць выбуховая прылада. Самалёт пасадзілі ў беларускім аэрапорце, хаця аэрапорт Вільні быў бліжэй. Для яго пасадкі былі выкарыстаныя ваенны знішчальнік МіГ-29 і ваенны верталёт Мі-24. Гэта пацвердзіла галоўная дарадца прэзідэнта Літвы па знешняй палітыцы Аста Скайсгірыце.

Гэтым самалётам ляцеў Раман Пратасевіч — былы галоўны рэдактар тэлеграм-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Акрамя таго, Пратасевіч унесены ў Беларусі ў спіс тэрарыстаў. Пратасевіча знялі з рэйса і затрымалі ў Менску. Разам з ім з рэйса знялі яго дзяўчыну.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: news.tts.lt