Падрыхтаваны папраўкі ў заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму
У Беларусі падрыхтаваныя змены ў заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму, гаворыцца ў паведамленні на сайце Генеральнай пракуратуры.
„З мэтай выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы Генеральная пракуратура з улікам міжнароднага вопыту сумесна з іншымі зацікаўленымі органамі распрацавала прапановы па ўзмацненні адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць, — адзначаецца ў паведамленні. — Падрыхтаваная новая рэдакцыя закона Рэспублікі Беларусь „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, якая дазволіць надаць працы праваахоўных і іншых органаў больш сістэмны і мэтанакіраваны характар. У ёй органам унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі дадзеныя паўнамоцтвы па прызнанні груп грамадзян экстрэмісцкімі фармаваннямі і забароне іх дзейнасці”.
Падрыхтаваныя змены дадуць права пракурору, органам дзяржбяспекі і ўнутраных спраў пры выяўленні прыкмет экстрэмісцкіх дзеянняў выносіць прадпісанні заснавальнікам і кіраўнікам арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам пры адсутнасці падстаў для прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці.
„Невыкананне такіх патрабаванняў, а таксама паўторнае на працягу года вынясенне прадпісання — падставы для ліквідацыі арганізацыі, спынення дзейнасці ІП, — гаворыцца ў паведамленні. — Пры гэтым справы аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай і яе ліквідацыі будуць разглядацца судом першай інстанцыі ў скарочаныя тэрміны: да аднаго месяца з дня прыняцця заявы. Адначасова для заснавальнікаў і ўдзельнікаў экстрэмісцкіх арганізацый прадугледжаная забарона на працягу пяці гадоў засноўваць новыя арганізацыі і СМІ”.
Паводле інфармацыі Генпракуратуры, МУС будзе весці пералікі арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
„Грамадзяне, асуджаныя за злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам, будуць уключаныя ў гэты пералік і пазбаўленыя права займацца асобнымі відамі дзейнасці, напрыклад, спалучанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі і боепрыпасаў, педагагічнай, выдавецкай. Іх фінансавыя аперацыі будуць падлягаць асабліваму кантролю, — адзначаецца ў паведамленні. — Замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія трапілі ў такі пералік, будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краіны, а для грамадзян Беларусі гэтая акалічнасць стане падставай для страты набытага грамадзянства”.
Падрыхтаваныя змены пашыраюць паняцце „экстрэмісцкія матэрыялы”: да іх будуць аднесеныя не толькі інфармацыйная прадукцыя, але і сімволіка, атрыбутыка, прызначаныя для экстрэмісцкай дзейнасці і яе прапаганды.
„У законапраекце аб унясенні зменаў у закон Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі” прадугледжанае права генеральнага пракурора, пракурораў абласцей, горада Мінска абмежаваць доступ да інтэрнэт-рэсурсу і сеткавага выдання, праз якія распаўсюджваюцца звесткі, накіраваныя на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або тыя, што змяшчаюць заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншая інфармацыя, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, — паведамляе Генпракуратура. — У Працоўным кодэксе будзе ўсталяваная безумоўная забарона на вылучэнне палітычных патрабаванняў пры правядзенні забастоўкі, а адпаведнае рашэнне суда — падлягаць неадкладнаму выкананню”.
Акрамя таго, будуць пашыраныя падставы для „прыцягнення да крымінальнай адказнасці за экстрэмісцкія праявы”. „Асабліва за тыя з іх, якія суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай яго прымянення да супрацоўнікаў АУС, службовых асоб пры выкананні імі службовых абавязкаў, іншых асоб, якія выконваюць грамадскі абавязак, — падкрэсліваецца ў паведамленні. — Прадугледжанае ўзмацненне адказнасці за супраціў супрацоўнікам АУС і асобам, якія ахоўваюць грамадскі парадак, ужыванне да іх гвалту. Будзе ўведзеная адказнасць за публічную абразу блізкіх прадстаўніка ўлады”.
Падрыхтаваныя змены прадугледжваюць пакаранне ў крымінальным парадку за „незаконны збор альбо распаўсюджанне інфармацыі аб прыватным жыцці або персанальных дадзеных грамадзян”, а таксама ўвядзенне павышанай адказнасці за такія дзеянні ў дачыненні да асобы або яе блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем службовай дзейнасці або выкананнем грамадскага абавязку.
Прапаноўваецца таксама „крыміналізаваць неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў”.
„Упершыню ўводзіцца адказнасць за такія праявы экстрэмізму, як удзел у экстрэмісцкім фарміраванні, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, вярбоўка, навучанне і падрыхтоўка асобы для ўдзелу ў названай дзейнасці, — гаворыцца ў паведамленні. — Прапанавана ўсталяваць крымінальную адказнасць за распаўсюджанне заведама лжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Беларусі, прававым становішчы грамадзян, дзейнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання, што дыскрэдытуюць Беларусь, калі такія дзеянні ўчыненыя ў любым публічным выступе, уключаючы СМІ і пляцоўкі ў сетцы інтэрнэт. У праекце таксама ідзе гаворка пра крымінальную адказнасць за заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краіны”.
Падрыхтаваныя змены таксама прадугледжваюць прыцягненне да адказнасці за распаўсюд забароненай інфармацыі ўладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў, якія не з’яўляюцца СМІ.
Палата прадстаўнікоў сумесна з Генпракуратурай распрацавала таксама праект закона „Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”. „У ім вызначаныя прынцыпы і механізмы супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, прафілактычныя меры па недапушчэнні такіх дзеянняў, ідзе гаворка пра ўзмацненне адказнасці за падобныя дзеянні, — паведамляе Генпракуратура. — Відавочна, што прапанаваныя меры дадуць праваахоўным органам новыя інструменты ў барацьбе з экстрэмізмам, дадуць магчымасць забяспечыць грамадскую бяспеку, будуць спрыяць папярэджанню правапарушэнняў і злачынстваў, падтрыманню правапарадку ў грамадстве”.