Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да прадстаўнікоў ByPOL



Генеральная пракуратура паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы „ў дачыненні да былых пракурорскага работніка Алега Талерчыка, следчага Ігара Лобана, якія выехалі за межы краіны і пазіцыянуюць сябе прадстаўнікамі нейкай ініцыятывы ByPOL”.

„Названыя грамадзяне на інтэрнэт-рэсурсе падчас відэаканферэнцыі для нагнятання супрацьстаяння ў грамадстве сваімі сцвярджэннямі падахвочвалі слухачоў да варожасці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.

Справа распачатая паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці) і накіраваная для арганізацыі расследавання ў Следчы камітэт.

Па справе праводзяцца „неадкладныя аператыўныя мерапрыемствы і следчыя дзеянні, у тым ліку санкцыянаваныя Генеральнай пракуратурай”.

Ведамства падкрэслівае, што „будзе і надалей даваць строгую прававую ацэнку публічным выказванням, якія дэстабілізуюць грамадскі парадак і пагражаюць нацыянальнай бяспецы”.

Раней ініцыятыва ByPOL апублікавала запісы галасоў, падобных на галасы цяперашняга намесніка міністра ўнутраных спраў, былога начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалая Карпянкова і былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева. На запісах ідзе гаворка аб метадах барацьбы з пратэстоўцамі.

ByPOl аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

belapan.by