Генпракуратура распачала крымінальную справу на Раду БНР (абноўлена)



Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу на Раду БНР. У паведамленні пракуратуры гаворыцца, што справа заведзеная «па факце супрацьпраўнай дзейнасці пранацысцкага экстрэмісцкага фармавання «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі», паведамляе reform.by.

Заснавальнікі Рады БНР названы памагатымі нацысцкіх злачынцаў і калабарацыяністамі. У пракуратуры лічаць, што “дзейнасьць Рады БНР заснаваная як у мінулым, так і цяпер на адмаўленні існавання суверэннай беларускай дзяржавы”.

«У сувязі з гэтым Рада БНР дэкларуе сябе найвышэйшым і адзіным прадстаўніком суверэнных правоў беларускага народа, пазіцыянуе сябе як «урад у выгнанні». Кіраўнік Рады БНР у перакладзе з беларускай на расейскую і іншыя мовы свету абвяшчае сябе “прэзідэнтам”, – паінфармавалі ў Генпракуратуры.

У паведамленні зазначаецца, што Рада БНР была прызнана Камітэтам дзяржаўнай бяспекі „экстрэмісцкім фарміраваннем”, аднак не спыніла сваю дзейнасць, а правяла выбары ў новы склад свайго прэзідыума. Таксама Раду абвінавачваюць у каардынацыі намаганняў з іншымі «экстрэмісцкімі арганізацыямі», у тым ліку Каардынацыйнай рады, АПК, беларускіх структурах ва Украіне. Генпракуратуры не падабаецца, што Рада БНР развівае ўласную ўзнагародную сістэму.

***

Рада БНР адрэагавала: «Гэты факт ніякім чынам не паўплывае на дзейнасць Рады БНР, яе ўзаемадзеянне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і яе падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за свабоду і незалежнасьць Украіны. Больш за тое, заведама незаконныя і абгрунтаваныя экстрэмісцкай ідэалогіяй рэжыму Лукашэнкі рашэнні і дзеянні, у тым ліку псеўдаюрыдычнага характару, папаўняюць спіс злачынстваў, якія могуць быць падставай для крымінальнага пераследу датычных да іх асобаў пасля аднаўлення законнасці на тэрыторыі Беларусі”.

На думку Рады БНР, абвінавачванні, у тым ліку заявы пра адмаўленне Радай БНР незалежнасці беларускай дзяржавы, носяць заведама ілжывы і абсурдны характар, асабліва з улікам таго, што менавіта Рада БНР 25 сакавіка 1918 году абвесціла пра дзяржаўны суверэнітэт Беларусі, ад чаго вядзе свой адлік гісторыя сучаснай суверэннай Беларусі.