Генпракуратура Украіны абвясціла Саакашвілі ў вышук
Генпракуратура абвясціла Міхаіла Саакашвілі ў вышук. Пра гэта hromadske.ua паведаміў спікер Генпракуратуры Андрэй Лысенка.
Раней пракуратура заклікала Саакашвілі з’явіцца да следчага раніцай 6 снежня.
Каля 6-й гадзіны раніцы ўкраінская паліцыя здзейсніла спробу штурму намётаў пад Вярхоўнай Радай. У гэтых намётах на ноч заставаліся прыхільнікі лідара партыі „Рух новых сіл” Міхаіла Саакашвілі. Паводле інфармацыі з месца падзеяў, пры сутычках паліцыі з пратэстоўцамі пацярпелі каля 20 чалавек, затрыманы 9 чалавек.
Пратэстоўцы ўмацоўваюць барыкады і зносяць шыны ў намётавы гарадок.
Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца ў гатэлі „Кіеў” пад аховай.
Генеральны пракурор Юрый Луцэнка заявіў, што ператрусы ў Саакашвілі і яго затрыманне звязаны з падазрэннем, што яго каманду фінансаваў алігарх-уцякач Сяргей Курчэнка.
Нагадаем, 3 снежня ў Кіеве зладзілі шэсце з патрабаваннем «імпічменту прэзідэнта». Арганізаваў марш «Рух новых сіл» Саакашвілі.
30 лістапада стала вядома, што Саакашвілі працягнулі тэрмін законнага знаходжання ва Украіне на тры месяцы.
Фота pravda.com.ua і Reuters