Генпракуратура Украіны: Забойства Жызнеўскага да гэтага часу не раскрыта



Забойства беларуса Міхаіла Жызнеўскага, а таксама Сяргея Нігаяна (ураджэнец Днепрапятроўскай вобласці) і Рамана Сеніка (Львоўскай) — першых ахвяр супрацьстаяння ўдзельнікаў Еўрамайдана і сілавікоў у студзені 2014 года ў Кіеве — да гэтага часу не раскрыта, паведаміла Генеральная пракуратура Украіны 21 лістапада на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пятай гадавіне пачатку акцый пратэсту, якія прывялі да падзення рэжыму прэзідэнта Віктара Януковіча.

25-гадовы актывіст партыі УНА-УНСО Міхаіл Жызнеўскі быў забіты падчас супрацьстаяння на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года. На месцы яго гібелі ўстаноўлены помнік. 13 чэрвеня 2017 года ўдастоены звання Герой Украіны (пасмяротна). Пахаваны на могілках вёскі Знамя Працы Гомельскага раёна. Помнік неаднаразова апаганьваўся вандаламі. Бацька Жызнеўскага памёр 8 красавіка 2018 года, маці — менш чым праз месяц, 4 траўня.

belapan.by