Генпракурор назваў „карту паляка” элементам гібрыднай вайны



Генпракурор Андрэй Швед назваў “карту паляка” формай падрыўной, антыдзяржаўнай працы і гібрыднай вайны. Відэа з такой заявай апублікаваў у сваім ТГ-канале супрацоўнік тэлеканала АНТ Ігар Тур. „Усё гэта элементы гібрыднай вайны, антыдзяржаўнай дзейнасці. Нават тыя „скокі на касцях”, якія ладзіліся там прадстаўнікамі розных так званых адукацыйных цэнтраў, — гэта ні што іншае як рэабілітацыя нацысцкіх злачынцаў, польскіх злачынцаў і не што іншае як элементы раскладання знутры нашага грамадства, асабліва моладзі, фармаванне з іх нейкіх перадавых атрадаў. Па сутнасці, рэалізацыя задум польскіх уладаў тут, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, — заявіў генпракурор.

„Карта паляка” — гэта дакумент, які пацвярджае прыналежнасць асобы да польскага народу. Польшча выдае гэты дакумент грамадзянам краін, якія раней уваходзілі ў СССР, калі іх продкі жылі на тэрыторыі міжваеннай Польшчы.

„Карта паляка” дае магчымасць бясплатна атрымліваць доўгатэрміновую нацыянальную візу, легальна працаваць на тэрыторыі Польшчы, бясплатна наведваць дзяржаўныя музеі Польшчы, атрымліваць бясплатную адукацыю ў Польшчы ды інш. У Беларусі „карту паляка” атрымалі больш за 130 тысяч чалавек. Дзяржаўным службоўцам у Беларусі мець „карту паляка” забаронена.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: shoppingpl.com