Генпракурор Украіны: Па справе Шарамета ёсць гарачыя версіі
Генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка адрэагаваў на заяву прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з нагоды трэцяй гадавіны забойства журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета.
„Учора заслухаў чарговую штоквартальную справаздачу начальніка Нацпаліцыі і начальніка крымінальнага вышуку па справе аб забойстве П.Шарамета. Дапытаныя сотні асоб. Правераныя дзясяткі тысяч. Прыцягнутыя замежныя спецыялісты. Ёсць гарачыя версіі. Робіцца ўсё магчымае. Піяру тут не месца”, — напісаў Луцэнка ў сацыяльнай сетцы „Фэйсбук”.
Уладзімір Зяленскі 20 ліпеня, у трэцюю гадавіну забойства Шарамета, размясціў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” паведамленне, у якім заявіў пра намер заслухаць даклады сілавікоў аб ходзе расследавання.
„Раскрыццё забойства Паўла Шарамета папярэдні прэзідэнт і праваахоўныя органы называлі „справай гонару”. Прайшло 3 гады. Пытанняў застаецца больш, чым адказаў. 23 ліпеня прашу сабрацца генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў, кіраўніка Нацыянальнай паліцыі і кіраўніка СБУ і далажыць аб ходзе расследавання. Запрашаю на сустрэчу журналістаў. Украінскае грамадства ўжо даўно павінна атрымаць адказ на пытанне „Хто забіў Паўла?”, — напісаў Зяленскі.
Шарамет быў узарваны ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева. Ад атрыманых траўмаў ён памёр у машыне хуткай дапамогі. Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу па артыкуле „Наўмыснае забойства”. Да расследавання былі прыцягнуты спецыялісты Федэральнага бюро расследаванняў ЗША. Як паведаміла БелаПАН Сяўгіль Мусаева, галоўны рэдактар выдання „Украінская праўда”, дзе Шарамет займаў пасаду выканаўчага дырэктара, украінскія журналісты патрабуюць сфарміраваць новую рабочую групу з ліку праваахоўнікаў, якая б заслухала справаздачу Нацпаліцыі аб праведзенай працы, а таксама стварыць новую камісію, якая надала б імпульс расследаванню справы.
Таксама Мусаева пракаментавала заяву экс-генпракурора Украіны Віктара Шокіна, што да забойства можа быць датычны адзін з народных дэпутатаў Вярхоўнай Рады, які і цяпер займае досыць высокую пасаду. „Калі шчыра, то я не магу зразумець, адкуль такая інфармацыя ў Віктара Шокіна, і не магу зразумець яго матываў казаць пра гэта цяпер, што менавіта ён меў на ўвазе і для чаго ён гэта сказаў. Гэта — трансляцыя яго меркаванняў, здагадак наконт гэтай справы”, — лічыць калега Шарамета.
Паводле інфармацыі ўкраінскай журналісткі Ганны Бабінец, Шокін нядаўна быў дапытаны следствам пасля сваёй заявы. Раней у інтэрв’ю ўкраінскаму выданню Страна.ua ён заяўляў, што яму вядомы чалавек, які, магчыма, мае дачыненне да забойства.
„Прозвішча публічна называць я не буду. Але я мяркую і, як казаў раней, практычна ўпэўнены… Каб сказаць з гарантыяй, неабходна правесці следчыя дзеянні пэўнага характару”, — адзначыў Шокін, які ўзначальваў генпракуратуру Украіны з лютага 2015 па красавік 2016 года.
Юрый Луцэнка ў маі 2019 года заяўляў, што ў справе ёсць сур’ёзны прагрэс: „Мы бачым пэўных асоб. Калі адбудуцца пэўныя працэсуальныя дзеянні, я скажу пра гэта. Але я вельмі задаволены вынікам, атрыманым Нацпаліцыяй і пракурорамі. Больш нічога сказаць не магу”.
Сёння на месцы забойства прайшла акцыя „Хто забіў Паўла? 3 гады без адказу”, арганізаваная яго сябрамі і калегамі. У ёй прынялі ўдзел часовы павераны ў справах ЗША ва Украіне Уільям Тэйлар і дэпутаты парламента, паведаміла „Украінская праўда”.
На Паўночных могілках пад Мінскам па прапанове Беларускай асацыяцыі журналістаў каля магілы Шарамета таксама сабраліся яго сябры і калегі.