Генпракурор Украіны: Вельмі падобна, што Пуцін здолее паглынуць Беларусь
„Вельмі падобна, што Пуцін здолее паглынуць Беларусь” — такую заяву зрабіў генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка ў інтэрв’ю вядомаму кіеўскаму журналісту Дзмітрыю Гардону.
„Па-першае, Пуцін хоча захаваць твар, ужо канчаткова зразумеўшы, што Украіну ён страціў, — сказаў Луцэнка. — Яму трэба захаваць твар для сваіх падданых, якія ўсё яшчэ вераць у вялікага Пу. Што ён для гэтага робіць? Ён хоча далучыць Беларусь такім жа вульгарным шляхам, як ён далучыў Крым, і стаць кіраўніком Саюзнай дзяржавы”.
Паводле слоў генпракурора Украіны, Канстытуцыя Расіі не дае Пуціну трэці раз запар стаць прэзідэнтам. „Мяняць Канстытуцыю неяк не хочацца, перад Захадам хочацца быць ледзь не дэмакратам, таму прыдумалі версію: будзе кіраўнік Расіі, усё роўна, як ён будзе называцца, будзе кіраўнік Беларусі, усё роўна, як ён будзе называцца, галоўнае, каб бульбу вазіў у Крэмль мяшкамі. І кіраўнік Саюзнай дзяржавы ўсё той жа вечны, як гімн Савецкага Саюза і Расіі, — Вэ Вэ Пуцін”, — лічыць Луцэнка.
На рэмарку журналіста: „То бок кіраўніка Беларусі захаваюць”, — ён адказаў: „Напэўна”. „Наколькі я разумею, яны будуць дэкаратыўнымі кіраўнікамі двух утварэнняў, а галоўным будзе, яшчэ раз кажу, вечны, як мелодыя гімна Расіі, таварыш Пуцін”, — выказаў меркаванне ўкраінскі топ-чыноўнік.
„Іншая падспудная рэч, — працягнуў ён, — гэта працяг аднаўлення імперыі. План Пуціна на справе ніякага сакрэту не ўяўляе. Ён яго публічна абвясціў гадоў дзевяць назад у Мюнхене, калі заявіў аб тым, што Савецкі Саюз будзе адноўлены. Насамрэч план Пуціна вельмі просты. Ён хоча <…> аднавіць падзеленую Еўропу, у якой рашэнні нельга прыняць без удзелу Крамля… Вось яго свет. Ён хоча кіраваць постсавецкай прасторай і ўзгадняць рашэнні Еўропы. Падзеленая Еўропа — яго стратэгічная мэта”.
Некалькі дзён таму ў падобным ключы выказаўся аўтарытэтны ўкраінскі эксперт у сферы бяспекі Уладзімір Гарбулін. У артыкуле для кіеўскага аналітычнага штотыднёвіка „Дзеркало тижня” ён, у прыватнасці, напісаў: „Падзеі ўсяго 2018-га (і нават часткова 2017-га) паказваюць, што „рускі свет” рыхтуецца да паходу на Беларусь. Як і ў выпадку з Украінай, сітуацыя пачалася з эканамічнага націску і прымусу да „дружбе мацнець” з наступным стварэннем разнастайных рабочых груп па „абмеркаванні розных аспектаў інтэграцыі і спрэчных пытанняў”. Пакуль што Лукашэнка спрабуе ўхіліцца ад цесных абдымкаў Пуціна (у прыватнасці, актыўна залучаючы кітайскіх інвестараў у справы рэспублікі, ствараючы альтэрнатыўны інвестыцыйны канал). Але стратэгічны вектар Расіі ў гэтым пытанні, падобна, вызначаны, да справы падключаны галоўны прадвеснік расійскіх сілавых аперацый — інфармацыйна-прапагандысцкія групы, якія рыхтуюць глебу для магчымага сцэнара паглынання”.