Генсакратар ААН заклікаў спыніць баі ў Карабаху



Асаблівы непакой Пан Гі Муна выклікала прымяненне цяжкіх узбраенняў і вялікая колькасць ахвяраў.

0,,18981587_303,00

У сувязі з эскалацыяй напружанасці ў Нагорным Карабаху генеральны сакратар арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пан Гі Мун заклікаў бакі канфлікту адмовіцца ад далейшых сілавых дзеянняў. Генеральны сакратар ААН заявіў у Нью-Ёрку ў суботу, 2 красавіка, што ён занепакоены баявымі дзеяннямі ў гэтым рэгіёне, перадае «Нямецкая хваля».

Асаблівы непакой Пан Гі Муна выклікала прымяненне цяжкіх узбраенняў і вялікая колькасць ахвяраў, у тым ліку сярод грамадзянскага насельніцтва, гаворыцца ў заяве. Кіраўнік ААН заклікаў усіх удзельнікаў канфлікту неадкладна спыніць баявыя дзеянні, цалкам выконваць пагадненне аб спыненні агню і прыняць неадкладныя меры для дээскалацыі сітуацыі.

Парушэнне перамір’я ў Нагорным Карабаху рашуча асудзілі ЗША. Дзяржсакратар Джон Кэры заклікаў бакі да стрыманасці і падкрэсліў, што ў гэтага канфлікту няма ваеннага рашэння. Паводле яго слоў, нестабільная сітуацыя паказвае, што для ўрэгулявання канфлікту бакам варта вярнуцца за стол перамоваў у рамках Менскай групы АБСЕ.

Аналагічныя заклікі адрасавалі Баку і Ерэвану прэзідэнты Расеі і Францыі Уладзімір Пуцін і Франсуа Аланд, міністр замежных спраў ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер, кіраўнік знешнепалітычнай службы ЕЗ Федэрыка Магерыні, генеральны сакратар Савета Еўропы Турб’ёрн Ягланд.

Фота joinfo.ua