Генсакратар АБСЕ: Ёсць усё неабходнае для эфектыўнага ўзаемадзеяння з Беларуссю
Ёсць усё неабходнае для эфектыўнага ўзаемадзеяння АБСЕ з Беларуссю. Такое меркаванне выказаў 3 лютага ў інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1” генеральны сакратар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томас Грэмінгер.
Паводле яго слоў, гэтаму спрыяе палітыка шматпалярнасці, якую праводзіць беларускае кіраўніцтва, а таксама той факт, што Мінск з’яўляецца пляцоўкай для правядзення важных міжнародных сустрэч і канферэнцый. Грэмінгер адзначыў, што не адзін раз сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і ўдзячны яму і беларускаму боку за падтрымку АБСЕ.
„Раскол паміж Захадам і Усходам вяртае нас у часы запуску Хельсінскага працэсу”, — сказаў генеральны сакратар.
Па словах Грэмінгера, галоўная задача АБСЕ заключаецца ў тым, каб „быць пляцоўкай для выпрацоўкі ўзгодненых крокаў у барацьбе з сучаснымі пагрозамі”. У ліку апошніх ён назваў рызыкі ваеннага характару, выклікі ў сферы кібербяспекі, радыкальны экстрэмізм, наркатрафік, гандаль людзьмі і зброяй, буйныя міграцыйныя патокі, змяненне клімату. „Нават самыя ўплывовыя дзяржавы не ў стане вырашыць усе гэтыя праблемы ў адзіночку, выхад неабходна шукаць узгоднена”, — падкрэсліў кіраўнік АБСЕ.